Тры навіны з адной стараны: Ракаўскі сельсавет

Общество

1. Мемарыяльную дошку мяркуецца адкрыць у вёсцы Палачанка. З гэтай прапановай выступіў вядомы беларускі філолаг і літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша. Калісьці ў доме, які цяпер пазначаны адрасам “вёска Палачанка, дом 2”, адпачываў мэтр беларускай літаратуры Якуб Колас. Усе патрэбныя дакументы для афіцыйнага рашэння па адкрыцці мемарыяльнай дошкі ўжо падрыхтаваны і накіраваны ў адпаведныя абласныя ўстановы на зацвярджэнне.

2. Здача ў эксплуатацыю новага шматпавярховага дома на сорак сем’яў адбудзецца ў гэтым годзе ў Ракаве. Яго ўзвядзеннем займаецца жыллёвабудаўнічы спажывецкі кааператыў “РакаўБудГрад”. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу, новабудоўля адносіцца да вёскі Паморшчына, якая мяжуе з Ракавам з паўднёвага боку. У папярэднія гады ў аграгарадку былі пабудаваны два шматпавярховыя дамы, узвядзеннем якіх займаліся жыллёвабудаўнічыя кааператывы “Надзея 2005” і “Чарадзей 2008”.

3. Колькасць жыхароў аграгарадка Ракаў па стане на 1 студзеня 2012 году склала 2471 чалавек. За апошнія некалькі гадоў на карце з’явілася каля дзесяці новых вуліц, сярод якіх Майская, Кальцавая, Лугавая, Палявая і іншыя, якія яшчэ не атрымалі сваёй назвы. Нягледзячы на тэрытарыяльны рост, колькасць насельніцтва ў мястэчку практычна не змянілася за два апошнія гады. Гэта тлумачыцца тым, што ўчасткі для будаўніцтва ў межах аграгарадка выдзяляюцца толькі тым, хто ўжо з’яўляецца яго жыхаром. Новыя ўчасткі для прыезджых, большай часткай мінчан, адводзяцца на тэрыторыях вёсак Кучкуны, Бузуны і Міхалова.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий