НОВЫ ПРАДУКТ ДЛЯ СПАРТСМЕНАЎ

Общество

Новы від прадукцыі – прадукт сухі спецыялізаваны “FITNES PROTEIN” – распрацавалі нядаўна тэхнолагі Валожынскага філіяла ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” з удзелам спецыялістаў рэспубліканскага інстытута мяса-малочнай прамысловасці. Дагэтуль падобную прадукцыю выпускала толькі айчыннае прадпрыемства “Беллакт”. 

“Гэты прадукт прадназначаны ў першую чаргу для харчавання прафесійных спартсменаў і аматараў, што займаюцца ў спартыўных секцыях і клубах, а таксама ўсіх, хто мае інтэнсіўныя фізічныя нагрузкі, – расказвае вядучы тэхнолаг філіяла Іна Адамаўна Паўлава. – Ён мае выгляд парашку, разводзіцца з вадой і п’ецца як малако. Прыемны на смак, бо выкарыстоўваем чатыры віды араматызатараў: ванілін, карамель, шакалад і клубніцы, і да таго ж вельмі карысны”.

На першапачатковым этапе прадпрыемства плануе выпускаць прадукт у дзвюх мадыфікацыях: “FITNES PROTEIN-20” і “FITNES SUPERPROTEIN-20”. Першая будзе ўтрымліваць малочныя складальнікі, збалансаваныя вугляводны і вітамінны комплексы і 20 працэнтаў бялку. А вось у склад другой дадаткова ўвойдуць дабаўкі. Карніцін і іназітол выкарыстоўваюцца ў медыцыне для карэкцыі метабалічных працэсаў, яны актывізуюць тлушчавы абмен, стымулююць агульную рэгенерацыю арганізма і нармалізуюць сон. А такая дабаўка, як халін, – вельмі важная для нервовай сістэмы, паляпшае абмен рэчываў і хутка ўзнаўляе арганізм пасля фізічных нагрузак. У будучым лінейка прадукцыі пашырыцца, дыяпазон ўтрымання бялку стане ад 20 да 80 працэнтаў. Зручнай для спажыўцоў будзе і ўпакоўка “доўпак” па 1,5 кілаграма з зіп-засцежкай.

Зараз заключаны кантракт з Санкт-Пецярбургскай фірмай “РТ-цэнтр” на пастаўку лініі фасоўкі, якую плануецца ўстанавіць у цэху сухіх малочных прадуктаў, і ў трэцім квартале будзе наладжана вытворчасць навінкі. Спачатку валожынскі прадукт з’явіцца ў продажы на айчынным рынку, а затым – і на расійскім.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий