Сетка Інтэрнэт зрабілася неад’емнай часткай сучаснага жыцця. Усё больш людзей не могуць уявіць сябе без “сусветнага павуціння” не толькі на рабоце, але і ў вольны час.
Паводле дадзеных статыстыкі, трэцяя частка насельніцтва свету пастаянна выкарыстоўвае Інтэрнэт. У Еўропе гэтая лічба амаль што ўдвая большая – 61,3 працэнта насельніцтва з’яўляюцца Інтэрнэт-карыстальнікамі. У Беларусі каля 40 працэнтаў сем’яў маюць доступ у сусветную сетку з хатняга камп’ютара. На Валожыншчыне гэта лічба крыху меншая – каля 25 працэнтаў хатніх гаспадарак з’яўляюцца падпісчыкамі паслугі “высокахуткасны доступ у Інтэрнэт”, якую прапануе раённы вузел электрасувязі.
Сорак чатыры працэнты аматараў сусветнага павуціння раёна сканцэнтраваны ў Валожыне. Другое і трэцяе месцы займаюць Івянец і Ракаў, дзе знаходзяцца адпаведна 15 і 10 працэнтаў Інтэрнэт-падпісчыкаў “Белтэлекама”. Прыблізна гэткія ж лічбы характарызуюць і цікавасць людзей да інтэрактыўнага тэлебачання “Зала” – выгодамі “паслухмянага” лічбавага ТБ карыстаюцца амаль што 22 працэнты сем’яў. Папулярнасць “мабільнага” Інтэрнэта, які прапануюць беларускія аператары мабільнай сувязі, значна меншая. Штомесяц яго карыстальнікамі становіцца каля дзесяці чалавек.
Андрэй ЗАХАРАНКА.