НАВУЧАЛЬНЫ ГОД БЕЗ ДАРОЖНЫХ «ПРЫГОД»

Закон и порядок

З пачатку года на тэрыторыі раёна адбылося 17 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх загінулі 5 чалавек і 13 атрымалі траўмы. У адным з выпадкаў вінаваты нецвярозы вадзіцель.

За летні час на Валожыншчыне ДТЗ з удзелам дзяцей не было. Перад пачаткам канікулаў супрацоўнікі ДАІ і ўстаноў адукацыі правялі шырокую інфармацыйна-растлумачальную кампанію для дзяцей і дарослых. Летам асаблівая ўвага надавалася прафілактычным рэйдам па ўхіленні парушэнняў Правілаў дарожнага руху непаўналетнімі, а ў жніўні адбылася акцыя “Дзіця – галоўны пасажыр”.

Праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму застаецца актуальнай і сёння, асабліва з надыходам новага навучальнага года. Дзеці, расслабленыя і адвыкшыя ад гарадскога тлуму, вярнуліся дадому ад бабуляў і дзядуляў. А таму вельмі важна сёння нагадаць і ім, і дарослым, што дарога да школы павінна быць бяспечнай. А бяспека залежыць перш за ўсё ад самадысцыпліны пешаходаў, ведання і выканання Правілаў дарожнага руху.

Да 10 верасня працягнецца спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”, якое праводзіць Дзяржаўтаінспекцыя Беларусі.

Пачынаючы з 3 па 9 верасня ва ўсіх установах адукацыі сумесна з Міністэрствам адукацыі ладзіцца Тыдзень бяспекі дарожнага руху. Падчас спецмерапрыемства “Увага – дзеці!” вадзіцелям рэкамендавана рухацца ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фар.

Да новага навучальнага года Дзяржаўтаінспекцыя і прадстаўнікі ўпраўлення адукацыі распрацавалі і ўвялі абноўленыя схемы бяспечных маршрутаў дзяцей у школу і дадому. Новай і цікавай для хлопчыкаў і дзяўчынак стане эксперыментальная дарожная разметка ў выглядзе слядоў і стрэлкаў, якія абазначаюць накірунак руху. А для інфармавання вадзіцеляў на праезнай частцы дарогі абноўлена дарожная разметка “ШКОЛА”, выкананая жоўтай фарбай.

На працягу ўсяго навучальнага года працягнуць карысную справу “стоп-мэны” – добраахвотнікі з ліку прадстаўнікоў устаноў адукацыі, дружыннікаў і старшакласнікаў. Яны будуць дзяжурыць на пешаходных пераходах і дапамагаць школьнікам пераходзіць дарогу.

Паважаным бацькам, акрамя падрыхтоўкі дзяцей да школы, варта не паленавацца і праверыць таксама іх веды па Правілах дарожнага руху. Ваша ўвага і ўдзел засцеражэ малыша ад небяспекі на дарозе.

Міхаіл ЛІШТВАН,

начальнік АДАІ РАУС.

 



Добавить комментарий