ФАКТАЎ КАЛЕЙДАСКОП

Общество

З пачатку летніх канікулаў у актыўную грамадскую працу на Валожыншчыне ўключыліся пяць студэнцкіх атрадаў. Тры з іх аказвалі будаўнічыя, астатнія – сэрвісныя паслугі. Моладзь з ліку навучэнцаў сельскагаспадарчага прафесіянальнага ліцэя і школьнікі дапамаглі некалькім арганізацыям. У прыватнасці, два студатрады займаліся рэканструкцыяй ферм у ААТ “Лоск” і УП “Івянецкая крыніца”, трэці працаваў у горадзе па лініі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Астатнія два, сфарміраваныя з вучнёўскай моладзі, былі задзейнічаны ў райспажыўтаварыстве на раскладцы і маркіроўцы тавараў, а таксама ў лясгасе на пасадцы. Час разлікаў парадаваў юных энтузіястаў. Да прыкладу, члены студатрада, якія працавалі ў Лоску, атрымалі з вылічэннем расходаў на харчаванне па 2 мільёны 800 тысяч – выдатная дапамога перад новым навучальным годам.

Работнікі філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” на працягу паўгоддзя займаліся будаўніцтвам пад’ездаў да малочнатаварных фермаў у Подберазі, Канюшаўшчыне, наперадзе – аналагічны клопат у Судніках, іншых гаспадарках. У бліжэйшы час будзе ўведзена ў эксплуатацыю 2,2-кіламетровая дарога Навасёлкі-Кібы-Адамова з двухслойным асфальта-бетонным пакрыццём. Адрамантавана дарога і ў вёсцы Манькаўшчына.

Перад новым навучальным годам побач з многімі навучальнымі ўстановамі раёна пакладзены штучныя няроўнасці – так званыя “спячыя паліцэйскія”. На ўсіх аб’ектах укладзена 11700 тон асфальта-бетоннай сумесі, значная яе колькасць рэалізавана іншым прадпрыемствам. Прыбытковай абяцае быць і работа адной з брыгад прадпрыемства, якая сёння абсталёўвае транзітны праезд праз горад Беразіно да сёлетняга цэнтра рэспубліканскіх “Дажынак”.

У бліжэйшых планах прадпрыемства – устаноўка новых павільёнаў на аўтобусных прыпынках у Славенску, Крыніцы і Стайках.

Райспажыўтаварыства традыцыйна разгарнула сезонную нарыхтоўчую кампанію. Галоўнымі аб’ектамі сёння выступаюць яблыкі. Па стане на 28 жніўня работнікі прынялі ад насельніцтва 220 тон. Выдзелены тры машыны, штодзень яны прывозяць на склады па 20-25 тон пладоў. У зборы і нарыхтоўцы яблыкаў упэўнена лідзіруе Пяршайшчына, найбольш прадукцыі ад жыхароў прынялі магазіны ў вёсках Агароднікі і Капусціна. Далей сыравіна адпраўляецца на прамысловую перапрацоўку на Барысаўскі кансервавы завод, Маладзечанскі харчовы камбінат. Акрамя таго, валожынскія яблыкі складаюць значную ўдзельную вагу ў аб’ёме сыравіны спіртзаводаў Міншчыны і Гродзеншчыны. Як адзначаюць у райспажыўтаварыстве, цяпер работнікі прыступілі таксама да нарыхтоўкі ягад чырвонай, чорнай рабіны і брусніцаў. З 8 верасня рыхтуюцца пачаць закупку журавін.

Чыгуначная станцыя Багданаў у хуткім часе атрымае новага заказчыка. Гэтай восенню недалёка ад станцыі плануецца адкрыццё прадпрыемства па вырабу бітуму, для якога праз станцыю пойдуць чыгуначныя цыстэрны з патрэбнымі кампанентамі.

На сённяшні дзень аснову грузавога патоку складае лес кругляк, пясчана-гравійныя сумесі, цукровыя буракі і мінеральныя ўгнаенні. Перавозка ПГС абмяжоўваецца кліматычнымі ўмовамі – узімку сумесь змярзаецца, што робіць яе пагрузку і выгрузку практычна немагчымымі. Угнаенні, атрымальнікам якіх з’яўляецца ААТ “Валожынская райаграпрамтэхніка”, перавозяцца большай часткай падчас вясенняй і асенняй пасяўных кампаній. Цукровыя буракі транспартуюцца толькі ў асеннія месяцы. У гэтым годзе іх адгрузка пачнецца ў дзесятых чыслах верасня, а аб’ём перавозкі складзе каля пятнаццаці тысяч тон.

Пасажырапаток праз станцыю таксама падвержаны сезонным ваганням. Найбольшая колькасць аматараў чыгуначных падарожжаў традыцыйна фіксуецца ў летнія і асеннія месяцы – людзі спяшаюцца ў водпуск, едуць на прыроду, у ягады, грыбы, на дачы. Значна ўзрасла папулярнасць станцыі сярод пасажыраў і пасля таго, як тут стаў спыняцца цягнік Мінск-Гродна.




Добавить комментарий