НЕРВ ВАЙНЫ ПУЛЬСУЕ Ў ЯГО ПАМЯЦІ

Культура

“Я ж стальны чалавек!” – горда пярэчыць мне ветэран Вялікай Айчыннай вайны з Валожына Іосіф Іванавіч ГІШМАН, калі прапаную яму, каб не замерз на вуліцы, апрануцца цяплей. Бо гутарку вырашылі весці на падворку, уладкаваўшыся ў зацішку ля хаты.

Мужчына асцярожна пераступае праз парог, ногі ўжо слабыя, бо век гэтага чалавека немалы – мінула 85 гадоў. Адной рукой трымаецца за сцяну, у другой нясе цяжкую драўляную табурэтку. Ад маёй дапамогі наадрэз адмаўляецца. Ветэранская стаць, якая ўгадваецца ўнутры гэтага чалавека, нібы хоча назаўсёды перамагчы фізічную старасць…

Людзі, якія са зброяй у руках прайшлі дарогамі мужнасці і гераізму, ніколі, як стары шынель, не скідаюць са сваіх плячэй рэдкай па сіле ваеннай загартоўкі. Той далёкі час зрабіў іх вынослівымі, стойкімі на ўсё жыццё.

Іосіф Іванавіч, 1927 года нараджэння, сам захацеў, каб нягледзячы на малады ўзрост, у ваенкамаце яму ўсё ж выдалі павестку. Геаграфію Еўропы вывучаў у баях з ворагам. У бляску яго ўзнагарод – медалях “За адвагу”, “За баявыя заслугі”, ордэне Чырвонай Зоркі і іншых баявых адзнаках –  ветэрану міжволі бачацца сполахі перажытага ў час ваеннага ліхалецця. Вайсковую форму і пасля Вялікай Перамогі І. І. Гішману яшчэ доўга не давялося зняць. Накіравалі на Далёкі Усход для ўмацавання межаў былой вялікай дзяржавы. Там правёў амаль пяць гадоў. А калі вярнуўся дадому, доўга прывыкаў да жыцця, якое было, як гняздо, разбуранае віхурай. Хата за вайну ператварылася ў папялішча. Прытулілі сям’ю Гішманаў сваякі.

Каб трывала стаць на ногі, Іосіфу патрэбна было найперш мець хоць нейкую спецыяльнасць. Пайшоў на курсы вадзіцеляў. Асвоіў прафесію хутка, бо адчуваў, што мілая яна сэрцу. З гэтай справай не разлучаўся аж да пенсіі. Праўда, месца працы мяняў не раз. У яго паслужным спісе – райбыткамбінат, райаграпрамтэхніка, райспажыўтварыства і іншыя арганізацыі. Кажа, як машыну меў у руках, дык лягчэй пасля вайны і хату ўласную было будаваць. А доўжыліся клопаты з узвядзеннем жылля больш за чатыры гады.

З жонкай Марыяй Аляксееўнай злучыў лёс больш за паўвека таму. Выгадавалі дачку Тамару і сына Івана. Дзеці жывуць асобна. Але таксама ў родным горадзе. Радаводную галінку прадоўжылі тры ўнукі і адна ўнучка. Усе нашчадкі сталі сталічнымі жыхарамі.

Як і кожны заўзяты вадзіцель, Іосіф Іванавіч некалі меў і ўласны легкавы аўтамабіль. Яму шмат гадоў верна служыў папулярны “Масквіч”. Затым сын прадаў старое аўто, каб дакласці выручаныя грошы і набыць іншамарку. “А была б тая машына, – жартуе ветэран, то і цяпер, нягледзячы на гады, усё ж не ўтрымаўся: сеў бы за руль, ды праехаўся б хоць па горадзе. Сумуюць рукі па баранцы – што ні кажы…”

Цяперашняе жыццё гэтай сям’і падобнае на тое, што і ва ўсіх гарадскіх пенсіянераў. Толькі ў шматлікіх успамінах пра былое нярэдка вяртаецца вайна. У слухачах ветэрана – пераважна яго жонка. Таму Марыя Аляксееўна да драбніц ведае ваенную мужаву біяграфію. Жывуць Гішманы па вуліцы Леніна ў доме, які па волі лёсу мае 41-ы парадкавы нумар. На фасадзе вісіць чырвоная шыльдачка, якая ўказвае на прыналежнасць гаспадара да ветэранскага статусу.

…Старасць кожнага чалавека палохае сваёй адзінотай. А пакуль Гішманы ўдваіх, дык не так ім трывожна на сэрцы. Таму я і фатаграфаваць іх вырашыла парай. Марыя Аляксееўна клапатліва папраўляла каўнерык кашулі мужа, ды і сама кофтачку святочную апранула. Пакуль пазіравалі перад фотакамерай, яны з іскрынкамі жартаў успаміналі далёкую маладосць, пра вяселле сваё расказвалі. Для гэтых людзей адчуваць, вобразна кажучы, плячо адзін аднаго, і цяпер вельмі важна. Бо клопат і ўзаемапавага асабліва ў пачцівыя гады – самая надзейная апора для любой сям’і.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий