ВЫХОЎВАЦЬ МОВАЙ КІНО

Культура

Кінаакцыя пад назвай “Міру і згоды нашым сем’ям” пройдзе на прадпрыемствах і навучальных установах раёна з верасня па лістапад.

Яе асноўная мэта – прыцягнуць увагу людзей да праблем сям’і. Адносіны бацькоў і дзяцей, сучасная мадэль сям’і, пабудаваная на прыняцці маральных каштоўнасцяў, асацыяльныя з’явы, якія часам маюць месца: алкагалізм, злачыннасць сярод падлеткаў, безадказныя адносіны старэйшых да выхавання маладога пакалення. Гэтыя і іншыя пытанні акажуцца ў цэнтры ўвагі запланаваных мерапрыемстваў і кінапаказаў.

Падрыхтаваная спецыялістамі праграма садзейнічае фарміраванню ў гледачоў уяўлення аб сямейных адносінах, як найважнейшай частцы чалавечага жыцця. Задача – данесці да дзяцей і падлеткаў тыя якасці, якія складаюць аснову чалавека ў яго лепшым праяўленні.

У межах акцыі адбудуцца паказы мастацкага фільма “Анёл” і дакументальнай стужкі “Калыска”, знятых расійскімі кінематаграфістамі.

ПАПУЛЯРНАЯ АНІМАЦЫЯ

Да сусветнай хвалі цікавасці да анімацыйнага кіно далучылася і Валожыншчына. Менавіта такую выснову можна зрабіць, аналізуючы вынікі кінапракату ў раёне.

Жнівень адзначаны паказам адразу некалькіх сусветных прэм’ер. Гледачы змаглі ўбачыць баявік “Салдаты ўдачы”, фантастычную стужку “Новы Чалавек-павук”, анімацыйную камедыю “Мадагаскар 3” і анімацыйны блокбастар “Адважная сэрцам”. Абсалютным лідарам пракату стала стужка “Мадагаскар 3” – адбылося шаснаццаць сеансаў, якія сабралі больш за пяць з паловай соцень гледачоў. Другое месца пакуль што займае працяг славутай серыі фільмаў пра супергероя “Новы Чалавек-павук”, паглядзець які выбраліся ў кінатэатры трыста трыццаць чалавек. Аднак высокая цікавасць гледачоў да маляванай прыгодніцкай гісторыі пра рыжавалосую шатландскую дзяўчыну-ваярку пад назвай “Адважная сэрцам”, паказ якой зараз толькі завяршаецца, можа вывесці гэту працу амерыканскіх аніматараў на адно з першых месцаў.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий