СТАРАЛІСЯ НЕДАРЭМНА

Общество

Трэці год упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама праводзіцца конкурс “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці адукацыі”. Па выніках мінулага навучальнага года пераможцам у намінацыі “Лепшая ўстанова адукацыі ў арганізацыі метадычнай і кадравай работы” стала гімназія № 1 горада Валожына. Каб даведацца, як адбывалася завочнае спаборніцтва і якім чынам педагагічны калектыў рыхтаваўся да ўдзелу ў ім, карэспандэнт “Працоўнай славы” наведаў прэстыжную адукацыйную ўстанову раёна і сустрэўся з Аленай Іванаўнай КЛАЧКО, намеснікам дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце.

“Упершыню мы прынялі ўдзел у конкурсе яшчэ ў мінулым годзе. Тады гімназія стала лаўрэатам у дзвюх намінацыях, якія тычыліся арганізацыі выхаваўчай работы і прывіцця навучэнцам асноў здаровага ладу жыцця. Тады ж зразумелі, што здольныя на большае, і сталі рыхтавацца, – расказвае намеснік дырэктара. – Вынікам стала цяперашняя перамога. Хаця на самой справе нельга адносіцца да яе, як да спартыўнага дасягнення. Хутчэй – гэта проста прызнанне той метадычнай і кадравай работы, якая вядзецца ў педагагічным калектыве з дня ў дзень з мэтай забеспячэння найбольш якаснай адукацыі для нашых вучняў.”

Сам конкурс на першых этапах завочны. Адукацыйныя ўстановы самага рознага ўзроўню рыхтуюць па выніках працы за навучальны год справаздачы-прэзентацыі, якія змяшчаюць інфармацыю аб дасягненнях і здабытках, выніках працы і прафесійных знаходках. Арганізатары спаборніцтва дасканала вывучаюць дасланыя матэрыялы, аналізуюць паказчыкі, робяць адпаведныя высновы. Па выніках выбіраюцца прэтэндэнты, праца якіх вывучаецца адпаведнай камісіяй з выездам у саму навучальную ўстанову для пацвярджэння паказчыкаў і дадатковага вывучэння педагагічнай дзейнасці ў рэальных умовах.

“Гімназіі, школы, дашкольныя ўстановы рыхтуюць і здаюць адпаведныя матэрыялы пасля заканчэння навучальнага года. Спачатку іх разглядаюць на раённым узроўні, потым лепшыя справаздачы выходзяць на наступны – абласны – этап, дзе вывучаюцца журы конкурсу”, – тлумачыць арганізацыю спаборніцтва Алена Іванаўна.

“У чым жа складаючыя перамогі?” – пытаюся я ў куратара метадычнай работы гімназіі. “Яны – у нашай паўсядзённай працы! – усміхаецца ў адказ яна. – Першы, самы галоўны здабытак, аснова ўсяго – педагагічны калектыў. На сённяшні дзень ён складаецца з 56-ці чалавек, з якіх 98 працэнтаў маюць вышэйшую адукацыю, а 82 – з’яўляюцца настаўнікамі вышэйшай і першай кваліфікацыйных катэгорый. Ва ўсіх педагогаў адукацыя адпавядае тым прадметам, якія яны выкладаюць. Павышэнне ж кваліфікацыі выкладчыкаў мы праводзім у аб’ёме 125 працэнтаў ад плана. Як заканамерны вынік – шматлікія навуковыя і метадычныя публікацыі, якімі можа пахваліцца далёка не кожная навучальная ўстанова”.

Аснову метадычнай работы гімназіі складае сістэмнасць падыходу.

Ужо даўно педагогіка зрабілася сур’ёзнай навуковай дысцыплінай. Але ж не трэба спецыяльнай адукацыі, каб заўважыць, як утульна і адначасова адказна адчуваюць сябе навучэнцы ў роднай гімназіі, як збіраюцца сюды не толькі на заняткі, але і пасля іх заканчэння. Цудоўны гімназічны сад – папулярнае месца адпачынку і сярод маладых маці з маленькімі дзецьмі. Думаецца, што падобная ацэнка – самая важная. Яна лішні раз пацвярджае, што званне пераможцы абласнога конкурсу атрымана педагагічным калектывам гімназіі заслужана і справядліва.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий