ВЫСОКАЯ АДКАЗНАСЦЬ ФАРМАЦЭЎТА

Культура

У сучасным свеце часта здараецца так, што выбар прафесіі – гэта амаль што фармальнасць. На жаль, даводзіцца сустракаць прадаўцоў з дыпломамі лінгвістаў, менеджараў па рэалізацыі мэблі з “корачкамі” выкладчыка англійскай мовы ці выпускнікоў вядучага ВНУ краіны, якія зарабляюць на жыццё ўменнем абыходзіцца з сантэхнічным ключом. У былыя часы – больш спакойныя і патрыярхальныя – спецыяльнасць, прафесія вызначалі чалавечае жыццё. Іх рэдка мянялі. Яны давалі чалавеку яго месца ў свеце. Іх назвы часта рабіліся мянушкамі цэлых сем’яў. Чамусьці так прыемна гучыць фраза: “Трэба завітаць да шаўца”. Менавіта да шаўца, а не да “работніка швейнай майстэрні”! Безаблічнасць заўсёды халодная і няўтульная…

Гавораць, што нават у самым бурлівым моры заўсёды можна знайсці хаця б невялічкія астраўкі спакою і нязменнасці. Аб гэтым міжволі ўспамінаецца, калі, расчыніўшы дзверы ракаўскай аптэкі, пад мілагучныя гукі ўсходніх званочкаў робіш крок унутр. Звычайна “крамы здароўя” не здаюцца асабліва ўтульнымі – у іх пахне незнаёмымі хімічнымі рэчывамі, невядомыя словы паглядаюць на наведвальніка з этыкетак і ўпаковак.

У светлым памяшканні, дзе размяшчаецца новая аптэка аграгарадка Ракаў, пануюць спакой і ўтульнасць. Нібыта за шырокімі вокнамі не вірлівае дваццаць першае стагоддзе, а ты завітаў не ў пункт № 124 аптэчнай сеткі РУП “Мінская фармацыя”, а ў лаўку да сапраўднага спадчыннага аптэкара. Загадвае гэтай установай Ганна Мікалаеўна Сматаева.

У Ракаве яе ведаюць усе. І не выпадкова – ужо сорак чатыры гады жыхары сельсавета атрымліваюць патрэбныя ім лекі з рук менавіта Ганны Мікалаеўны. У далёкім шэсцьдзясят восьмым годзе яна, малады фармацэўт, выпускніца Магілёўскага медыцынскага вучылішча, прыехала на Валожыншчыну. Першыя паўгода працавала ў аптэцы раённага цэнтра, потым узначаліла аптэчны кіёск пры Ракаўскай бальніцы. Мінулі дзесяцігоддзі, зніклі цэлыя краіны і нарадзіліся новыя пакаленні, а за паратункам ад высокай тэмпературы, галаўнога болю, бяссонніцы і іншых праблем са здароўем жыхары старадаўняга мястэчка і навакольных вёсак па-ранейшаму ідуць “да Мікалаеўны”.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий