КВЕТКІ МІЛЫЯ, ЯК ДЗЕТКІ

Общество

На вуліцы Пушкіна райцэнтра ёсць сядзіба, якую можна назваць аазісам натхнення, крыніцай станоўчай энергетыкі. Нават праязджаючы на вялікай хуткасці паўз дома № 36, не прапусціш рукатворнай прыгажосці. Хоць адно кароткае імгненне, але след хараства неадчэпна будзе праследаваць цябе.

Кожны год статычная тэрыторыя вакол дома Ірыны Аляксан-драўны і Іосіфа Вільгельмавіча ШУПЕНЬКАЎ набывае рысы  выразнай зменлівасці. Тут ствараюцца новыя кампазіцыі. Высаджваюцца рэдкія кветкі, якія пашанцавала купіць у магазіне ці на рынку. Сёлета больш маштабным стаў і газон, затое перад фасадам дома зведзены да мінімуму градкі. Ім знайшлі месца з тыльнага боку сядзібы. Фішкай гэтага сезона на сядзібе Шупенькаў з Валожына сталі дэкаратыўныя шышкі, якія глянцавым бляскам здалёк вабяць да сябе. На іх выраб спатрэбілася каля 70 карычневых пластыкавых бутэлек. Аснова шышак зроблена з зялёнай тары.

“У наступным годзе, – дзеліцца сваімі планамі гаспадыня,– з гэтага ходкага ў дызайнераў-самавучак матэрыялу ў нашым двары будзе змайстравана новая арыгінальная кампазіцыя”.  Пакуль усе сакрэты жанчына спецыяльна не раскрывае, але ідэя добраўпарадкавання абяцае быць эксклюзіўнай.

…З веснавога абуджэння прыроды да наступлення ўстойлівага восеньскага пахаладання тут радуе сэрца багатая палітра кветак розных сартоў. Маці ў гэтым захапленні шчыра дапамагаюць сын Дзмітрый і дачка Ганна.

Не толькі фасад дома шчодра расквечаны, клумбы прапісаліся і ў двары, каля шматлікіх  кладовак і нават пры хляве. Сумную сцяну гаспадарчых пабудоў, якая бачна з праезнай часткі, гаспадары спецыяльна закрылі высокім драўляным плотам. Да таго ж яго аздобілі дэкаратыўнай аплікацыяй.

Праз некалькі дзясяткаў метраў на завулку Пушкіна жыве мама Ірыны Аляксандраўны. У іх аказваецца не толькі аднолькавае імя, але і захапленне кветкаводствам уладарна захапіла сэрцы гэтых жанчын. У 76 гадоў Ірына Іванаўна Ярашэвіч не скардзіцца на стому і млявасць у руках. Кветкі, якіх у двары некалькі сотак, падсілкоўваюць яе здароўе, надаюць энергіі.

Звычайна адна сядзіба ад другой аддзелены сумнай мяжой, якая марнуецца ад травы і пустазелля. Тут падобнага не давялося ўбачыць. Пярэстая доўгая сцяна высокіх і пышных вяргінь прапісалася на мяжы. Ля жылога дома пенсіянеркі І. І. Ярашэвіч таксама аформлена нямала дэкаратыўных кампазіцый. Так двор выглядае значна весялейшым! Ды і праўнучцы Настачцы ў такім казачным дворыку няцяжка знайсці добрую забаву. У бабулі Ірыны багатая спадчына – 5 унукаў і 6 праўнукаў.  Любові да парадку стараецца навучыць іх клапатлівая бабуля і прабабуля. Наводзіць чысціню – гэта і прафесіянальная звычка І. І. Ярашэвіч. Амаль усё сваё свядомае жыццё яна працавала прыбіральшчыцай у СШ № 2 і на іншых гарадскіх прадпрыемствах.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий