Па шматгадовай добрай традыцыі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама чарговы раз прывіталі маладое папаўненне працоўных калектываў Валожыншчыны. Сустрэча, на якую запрасілі ўсіх, хто сёлета скончыў вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы і прыбыў на працу ва ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, на прамысловыя і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы нашага краю, прайшла ў раённым Цэнтры культуры.
Нездарма такія сустрэчы ладзяцца напрыканцы жніўня. Як апошнія зярняткі сабранага ўраджаю папаўняюць багатую жытніцу, так і новыя сілы ўзбагачаюць кадравы патэнцыял раёна, насычаюць яго творчай энергіяй, зараджаюць на прадаўжэнне лепшых працоўных традыцый. Сёлета на нашай зямлі пачаўся шлях у прафесію для 230 маладых людзей. Адкрываючы ўрачыстасць, з вітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч. Акрамя цёплых віншаванняў і па-бацькоўску слушных парад, кіраўнік раённай вертыкалі выказаў надзею, што слаўная на дасягненні і багатая на добрых людзей Валожыншчына ў самым хуткім часе здолее заваяваць любоў і адданасць новага працоўнага пакалення, стане для іх другой малой радзімай, дзе захочацца пусціць трывалыя карані… І для гэтага будзе зроблена ўсё магчымае. Нібыта птушанятам, што адпраўляюцца ў першы палёт, маладым спецыялістам патрэбны дапамога і падтрымка, і яе гатовы аказваць на ўсіх узроўнях. Уладзімір Антонавіч запэўніў моладзь, што ніводзін з іх не застанецца сам-насам з праблемамі ды цяжкасцямі, кожнаму будзе працягнута цвёрдая рука для апоры ў спрэчных жыццёвых і працоўных абставінах. А каб даведацца, што сёння непакоіць і цікавіць маладых спецыялістаў, зарыентаваў іх на адкрыты, шчыры дыялог. Для гэтага на працягу ўсяго мерапрыемства ў зале працаваў мікрафон.
Неўзабаве на сцэну пачалі падымацца кіраўнікі службаў і ведамстваў, каб павітаць свае маладые кадры. І першай выканаць гэту ганаровую місію выпаў гонар начальніку аддзела адукацыі райвыканкама Г. В. Сматровай. Сёлета ў педагагічны працэс уліліся 28 новых работнікаў. Галіна Вячаславаўна расказала ім пра ўмовы працы, агучыла асноўныя абавязкі і сацыяльныя гарантыі, заахвоціла ладзіць стваральную дзейнасць на карысць заключанай у дзецях нашай агульнай будучыні.
Доўгачаканае папаўненне адбылося ў сферы аховы здароўя. Як заўважыла галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Здзіславаўна Глебка, прыход маладых медыкаў істотна знізіў нястачу кваліфікаваных кадраў у сістэме. У сваю чаргу, адміністрацыя адпаведна клапоціцца пра іх. Да прыкладу, усе, хто меў патрэбу ў жыллі, ужо ім забяспечаны. Дарэчы, сярод прыбыўшых – 8 валожынцаў, ім будзе лягчэйадаптавацца на радзіме.
15 маладых работнікаў культуры пайменна прадставіў начальнік аддзела культуры райвыканкама Вікенцій Мікалаевіч Адамовіч, следам падняўся на сцэну намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Пятровіч Лябёдка. У аграрным сектары, бадай, папаўненне самае важкае – ажно 42 маладыя спецыялісты!
Пра рэалізацыю на Валожыншчыне маладзёжнай палітыкі і жыццё моладзі расказалі начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Вераніка Загорская і першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Нямкевіч. З выгаднымі ўмовамі атрымання крэдытаў пазнаёміла прысутных дырэктар філіяла “Беларусбанка” ў Валожыне Іна Аляксееўна Пукала, яна ж і прадставіла 4-х маладых спецыялістаў, якія сёлета распачалі сваю дарогу да вышынь банкаўскай кар’еры. Даў слушныя парады моладзі і начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Анатоль Ядулаевіч Аліеў, прадыктаванымі багатым вопытам настаўленнямі на далейшую працу падзялілася старшыня райсавета дэпутатаў Марына Аляксандраўна Іода.
Сяргей САДОЎСКІ.