Адкрываючы Браму памяці

Культура

Так павялося, што кожную нядзелю ў пачатку адзінаццатай гадзіны жыхары вёскі Запур’е збіраюцца на аўтобусным прыпынку. Маршрут ва ўсіх адзін – вёска Вішнева, касцёл. Людзі наведваюць Святую імшу, толькі мала хто з іх пацікавіўся, калі і кім быў заснаваны касцёл. Таму хочацца расказаць пра гісторыю будынка, які служыць веруючым ужо некалькі стагоддзяў.
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі пабудаваны на заходняй ускраіне вёскі, на высокім пагорку левага берага ракі Гальшанкі. Перад ім размешчана брама-званіца, узведзеная ў другой палове XIX стагоддзя з бутавага каменю, якая ўяўляе сабой двух’яруснае збудаванне: першы – лучковая праязная арка, другі – трохпралётная аркада, завершаная трыма франтончыкамі. На фоне бутавай муроўкі вылучаюцца пабеленыя атынкаваныя элементы архітэктурнага дэкору (вуглавыя лапаткі, карнізы).
Ва ўсіх пісьмовых крыніцах згадваецца дата заснавання касцёла – 1637-1641 гады. Ды чаму тады на франтоне выбіта іншая дата?
У 1424 годзе, магчыма, на месцы праваслаўнай царквы або язычніцкага капішча быў заснаваны вялікім князем Вялікага княства Літоўскага Вітаўтам драўляны касцёл як сімвал перамогі каталіцкіх магнатаў і духавенства. Фінансаваў будаўніцтва касцёла Святога Пятра Апостала і Юрыя Мучаніка пан віленскі і дзяржаўца смаленскі Сямён Гедыгольдавіч.
Хутка віленскія епіскапы ператвараюць касцёл у адміністрацыйна-духоўны цэнтр – дэканат. Храм багацее, і да сярэдзіны XVI стагоддзя яму належаць паўтары тысячы дзесяцін зямлі, лугоў, лясоў. Але наступаюць цяжкія часы для каталіцкага духавенства: да цэнтральных і ўсходніх зямель Вялікага княства Літоўскага дакатваюцца хвалі Рэфармацыі. У 1560 годзе касцёл прымае рэфармацыйна-евангельскае вучэнне.
…Усяго каля 20 вёрст ад Вішнева, у Лоску, у гэтыя гады беларускі асветнік, гісторык і пісьменнік, дзеяч Рэфармацыі Сымон Будны становіцца ўплывовым прапаведнікам, працуе ў друкарні. Да нас дайшло каля 20 кніг, выдадзеных у Лоску, большасць з якіх – трактаты самога Буднага. Пра іх накіраванасць супраць царквы гавораць назвы: “Пра дзве сутнасці Хрыста”, “Супраць хрышчэння дзяцей…” Можна не сумнявацца, што сярод аселых у Вішневе і па суседству рэфарматараў (такіх, як Ян Ліцыній Намыслоўскі ў недалёкім Іўі) у Сымона Буднага хутка знайшліся аднадумцы і паслядоўнікі. Пракляты езуітамі, праследуемы Будны пакінуў Лоск і за некалькі месяцаў да смерці знайшоў прытулак у сваіх калег у Вішневе. 13 студзеня 1593 года ён памёр і, магчыма, тут жа, у Вішневе, быў пахаваны.
На рубяжы XVII стагоддзя, у 1600 годзе, Вішнева адкупляе ад дачок Паца навагародскі падкаморый Адам Храптовіч. Менавіта Храптовічамі быў разабраны драўляны касцёл, і ў 1637 годзе пачалося будаўніцтва каменнага, якое закончылася ў 1641 годзе. Асвяціў касцёл віленскі епіскап Мікалай Слубскі 18 кастрычніка 1675 года. Праз два гады ў храме здарыўся пажар. На дапамогу зноў прыйшоў граф Храптовіч, які аднавіў касцёл і пакрыў яго гонтам.
У апошнія гады Рэчы Паспалітай пры вішнеўскім касцёле існавала брацтва Святой Тройцы, заснаванае ў 1773 годзе ордэнам трынітарыяў. У 1775 годзе ў Вішневе з’явіліся лютэране. У іх нават быў могільнік, але замацавацца ім не ўдалося: Храптовічы спрыялі каталіцызму.
У 1771 годзе касцёл быў перабудаваны ў стылі ракако (да нефа прыбудавалі дзве прамавугольныя бакавыя капліцы, змянілі інтэр’ер). У 1906 годзе яго зрабілі ў два разы большым – дабудавалі двухвежавы галоўны фасад.
У Першую сусветную вайну ўсе абразы з касцёла былі вывезены ў Вільню, а пасля вайны людзі на вазах вярнулі назад. У гады Вялікай Айчыннай вайны вернікі мелі магчымасць наведаць святыню і памаліцца. Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі дзейнічаў нават у часы атэізму, у многім дзякуючы намаганням ксяндза Уладзіслава Чарняўскага.
Што ж уяўляе сабой касцёл сёння?
Гэта помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Унутраная прастора мае выгляд цыліндрычнага скляпення. На хорах устаноўлены арган. Сцены ўпрыгожаны арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф. Рушчыц), скляпенні (памяшканне пад выпуклай дугападобнай столлю) – геаметрычным ляпным арнаментам XVII стагоддзя.
Галоўны драўляны алтар выкананы ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ў барочна-ракайльных формах. Ён двух’ярусны, на фігурным пастаменце, дэкарыраваны лісцем. Алтар упрыгожваюць драўляныя скульптуры евангелістаў, анёлаў, вазы, С-падобныя завіткі. У аналагічнай стылёвай трактоўцы выкананы два бакавыя алтары.
Сярод твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – каваныя дзверы XVII стагоддзя. Яны ўяўляюць сабой дзве каваныя з круглага стрыжня рашоткі. На адной з іх стаіць дата вырабу: “24 Maja 1619”. Сілуэт рашоткі ўяўляе сістэму спіралепадобных завіткоў, замацаваных паміж сабой хамуцікам. Другая рашотка больш складаная. Калі ў першай усе спіралепадобныя завіткі аднолькавыя, то ў другой яны маюць разнастайныя цэнтры: адны заканчваюцца кветкамі, другія – лісцем, трэція – бутонамі. У склепе пад капліцай з правага боку знаходзіцца прах графа Храптовіча, а помнік стаіць побач з магіламі ксяндзоў на двары касцёла.
…У гэту нядзелю і ў наступную парафіяне зноў збяруцца ў касцёле на Святой імшы. А ўсе жадаючыя могуць наведаць помнік архітэктуры ў любы дзень тыдня. Паверце, паглядзець ёсць на што.

Ганна КІЗІК, г. Валожын.
Фота Сяргея БОБРЫКА.



Добавить комментарий