Молодежный курьер

Марат ЛАГУТКА, выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, прыехаў працаваць у Ракаўскую дзіцячую школу мастацтваў год таму. Малады спецыяліст ледзь паспеў “прывітацца з прафесіяй”, як яму прапанавалі заняць вакантнае месца дырэктара гэтай вучэбнай установы.

Даверылі такую адказную пасаду хлопцу нездарма. Дзякуючы сваёй стараннасці, тонкаму музычнаму слыху і добрай памяці М. Лагутка з чырвоным дыпломам скончыў Мінскі каледж мастацтваў па класе баян-акардэон. Кампетэнтным педагогам і віртуозным акардэаністам выйшаў ён са сцен акадэміі музыкі.

М. Лагутка жыве ў рытме мажор. Будні маладога дырэктара напоўненыя адказнасцю, шматлікімі арганізатарскімі клопатамі, гадзіннымі рэпетыцыямі, паездкамі на працу з Мінска ў Ракаў. Але, як вядома, парасткі працавітасці даюць глыбокія карані дрэву поспеху, з якога прыемна пажынаць лаўры.

Арганізатарскія здольнасці дазваляюць М. Лагутку з поспехам кіраваць таксама інструментальным ансамблем “Ars Longa” Ракаўскай ДШМ.

Музычны калектыў маладых педагогаў з аншлагам выступае на канцэртах у гарадах Беларусі і за яе межамі. Неаднойчы ансамбль перамагаў у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Не так даўно “Ars Longa” стаў лаўрэатам першай прэміі на Міжнародным конкурсе “Ascoltate-2012” у Літве.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий