ЗА ПРАВА МАРКІРАВАЦЦА “ЛАСУНАК-2012”

Общество

На рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак-2012”, які праходзіў з 27 па 29 жніўня на базе Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння, была выстаўлена і прадукцыя аддзела прамысловасці Валожынскага райспажыўтаварыства.

Прадпрыемства ўжо не першы год выстаўляе на гэты прэстыжны галіновы конкурс сваю прадукцыю, былі і пэўныя перамогі. Новыя віды хлебабулачных вырабаў – хлеб фармавы “Славянскі”, хлеб подавы “Тракайскі” і пірог “Майскі з павідлам” – распрацавала на конкурс тэхнолаг прадпрыемства Марыя Вацлаваўна Пячурчык.

Сёлетні “Ласунак-2012” праводзіўся ў рамках VIII-й міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа”. Выяўленне лепшых узораў прадукцыі, што выпускаецца ў рэспубліцы, і іх дэманстрацыя шырокаму колу спажыўцоў – вось асноўныя задачы, якія ставілі перад сабой арганізатары. Немалаважным момантам тут з’яўляецца і стымуляванне і падтрымка айчынных вытворцаў, а таксама павышэнне іх канкурэнтаздольнасці. Традыцыйна конкурс праводзіцца ў 6 намінацыях: “Хлеб заварны”, “Хлеб з сумесі ржаной і пшанічнай мукі”, “Сушкі”, “Сухары”, “Пірагі”, “Пячэнне”, у кожнай з якіх ёсць і паднамінацыі. Пры ацэнцы прадукцыі ў першую чаргу ўлічваюцца знешні выгляд вырабаў, стан мякіша і начынкі, смакавыя якасці і пах. Усе віды прадукцыі, якія удзельнічаюць у конкурсе, на працягу чатырох дзён будуць выстаўлены для дэманстрацыі на спецыяльным стэндзе на міжнароднай выставе “Хлебная і кандытарская справа”. Падвядзенне вынікаў і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў дыпломамі і медалямі адбудзецца 12 верасня.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.



Добавить комментарий