АГЛЯД ПАДЗЕЙ У РАЁННАЙ ГАЗЕЦЕ ЗА ВЕРАСЕНЬ 1967 ГОДА

Культура

Мовай фактаў.

Многа перадавікоў працуе ў сельгасарцелях імя Куйбышава і “Перамога”. Лепшым з лепшых прысвоена званне Заслужанага калгасніка. Для іх устаноўлены льготы: бясплатнае карыстанне электрычнай энергіяй, калгасным транспартам для дастаўкі кармоў і паліва.

*   *   *

З кожным годам прыгажэюць населеныя пункты калгаса “Перамога”. Усе вёскі сельгасарцелі электрыфікаваны і радыёфікаваны. Гаспадарка аказвае значную дапамогу тым хлебаробам, якія пакідаюць хутары. 50 сем’яў перасяліліся ў вёскі, жывуць у новых, прыгожых дамах, дзе ёсць электрычнасць, гаворыць радыё.

*   *   *

Двухгадзічныя курсы медыцынскіх сясцёр адкрыліся пры раённым камітэце Таварыства Чырвонага Крыжа. Тут набываюць спецыяльнасць 76 чалавек. Заняткі праводзяць спецыялісты раёна. Для будучых медсясцёр выкладаецца таксама грамадазнаўства.

*   *   *

Лямпачкі Ільіча загарэліся ў трэцяй, самай аддаленай ад цэнтральнай сядзібы, паляводчай брыгадзе калгаса імя М. Горкага. Цяпер усе населеныя пункты Вішнеўскага сельсавета электрыфікаваны, а таксама радыёфікаваны. У дамах многіх жыхароў хутка засвецяцца экраны тэлевізараў.

Вырас новы цэх

Непадалёк ад вёскі Клім размешчана механічная ўстаноўка лясгаса. Яна вырабляе дахавую дошчачку, тынкавую дранку і іншую прадукцыю, якая карыстаецца вялікім попытам за межамі нашага раёна. Людзі працавалі ў старым нізкім памяшканні, дзе не хапала вытворчай плошчы, святла, свежага паветра. Было вырашана пабудаваць новы цэх.

Памяшканне ўзводзілі сваімі сіламі ў вольны ад работы час. За кароткі час побач са старым будынкам з’явілася новае прасторнае памяшканне з белай сілікатнай цэглы. Новы цэх – новае абсталяванне – вырашылі мясцовыя рацыяналізатары. Пад кіраўніцтвам загадчыка ўстаноўкі Вацлава Уладзіміравіча Высоцкага, рабочага Іосіфа Іосіфавіча Юхнеўскага яны ўзяліся за канструкцыю круглапільнага станка для прадольнай распілоўкі. Быў сканструяваны і станок для вытворчасці тынкавай дранкі. Аўтар яго – Фелікс Іванавіч Ждановіч.

Камісія падпісала акт прыёмкі новага цэха. У параўнанні са старым ён дасць лясгасу 15 тысяч рублёў гадавой эканоміі.

Прыгажэе вёска

Усё часцей у звыклы вясковы пейзаж уплятаюцца будынкі з цэглы. Яны весела ззяюць на сонцы новымі вокнамі, прыемна свецяцца свежай фарбай. Звычайна гэта будынкі грамадскага прызначэння.

Прыкладам таму – вёска Куцяняты. Тут закончана ўзвядзенне брыгаднага клуба з глядзельнай залай на 200 месцаў. Сюды набываецца мэбля, інвентар для гурткоў мастацкай самадзейнасці. Хутка новы клуб прыме наведвальнікаў. І на ўскраіне вёскі вырас цагляны будынак. Гэта лазня на 50 месцаў. У цяперашні час будуецца ў Куцянятах і магазін.

Бульбяны сезон

Актыўна вядзецца ўборка бульбы ў гаспадарках раёна.

Штодзённа ад палеткаў калгаса імя К. Маркса адпраўляюцца аўтамашыны, гружаныя клубнямі. Іх кірунак ляжыць на дзяржаўныя нарыхтоўчыя пункты. Пры плане 295 тон калгас ужо адгрузіў дзяржаве звыш 150 тон бульбы новага ўраджаю.

*   *   *

На вялікай плошчы раскінуліся бульбяныя плантацыі ў калгасе “Радзіма”. Са 180 гектараў клубні вырашылі ўбраць з дапамогай капалак. Дзве з іх уключаны ў работу. Механізатары Іван Саломка з напарнікам Міхаілам Мучынскім і Іван Шатроўскі штодзённа ўбіраюць па тры гектары, накопваюць з кожнага па 140 цэнтнераў бульбы.

*   *   *

Кожны дзень выводзіць на бульбяныя палеткі калгаса “Бальшавік” бульбакапалку КТН-2 механізатар Міхаіл Васільевіч Ліхтаровіч. Да позняга вечара працуе ён на ўборцы бульбы, кожны дзень перавыконвае вытворчыя заданні. З 88 гектараў убранай у гаспадарцы бульбы 45 – на рахунку механізатара.

Вызначыліся аўтатранспартнікі

Небывалы па напружанасці і працоўнаму энтузіязму быў для транспартнікаў жнівень месяц. Як заўсёды, вызначыліся “аўтобуснікі” – так тут называюць вадзіцеляў аўтобусаў. Уладзімір Гасціловіч выканаў месячны план на 134 працэнты, Фёдар Пратасевіч – на 124,3, Аркадзь Куцук – на 120,4, Міхаіл Кулак – на 117,8, Віктар Сцяпко – на 116,1 працэнта. Не меншыя поспехі і ў вадзіцеляў грузавога аўтатранспарту Антона Зенькі, Івана Голуба, Леаніда Алешкі, Анатоля Сухадольца і многіх іншых.

*   *   *

Раней аўтабаза налічвала даволі нязначную колькасць аўтобусаў і аўтамашын, хоць і патрэбы ў іх былі вялікія. Пасажыры раёна з транспарту ведалі толькі спадарожныя аўтамашыны. Але напаткаць іх лічылася вялікім шчасцем. Зусім іншае становішча сёння. З варот аўтабазы кожную раніцу выязджаюць дзясяткі грузавых аўтамашын, амаль ва ўсе населеныя пункты курсіруюць аўтобусы. Толькі ў гэтым годзе атрыманы 4 новыя аўтобусы “ПАЗ-652”. Хутка ў аўтагаспадарцы з’явяцца яшчэ 2 грузавыя аўтамашыны “Калхіда”.

*   *   *

Любяць на аўтабазе спорт – крыніцу здароўя, сілы, фізічнай прыгажосці чалавека. Тут ёсць лепшыя ў раёне лыжнікі, валейбалісты, аўта- і мотагоншчыкі. Спартсмены прымаюць актыўны ўдзел амаль ва ўсіх раённых спаборніцтвах. Добра выступілі яны на раённых спаборніцтвах па фігурным ваджэнні аўтамабіля, якія праходзілі летам гэтага года. Першае месца заняў шафёр Міхаіл Кулак, другое – Іван Ліннік. У абласных фінальных спаборніцтвах па аўтамабільным двухбор’і спартсмены аўтабазы занялі чацвёртае месца.

Ад гарэлкі – да бойкі

Навіны з залы суда.

Тадэвуш-Антон Ц., жыхар вёскі Ластаянцы Падбярэзскага сельсавета і Міхаіл З., будучы п’янымі, завязалі бойку паміж сабой у сталовай саўгаса Падбярэззе. Дэбашыры выбілі з акна дзве шыбы. Рашэннем народнага суда раёна яны атрымалі па 10 сутак.

А Уладзімір Ж. з саўгаса “Падбярэззе” і трактарыст гэтай жа гаспадаркі Мікалай С. напіліся, прыйшлі ў клуб, дзе ішоў канцэрт агітбрыгады. Калі самадзейныя артысты ад’язджалі дамоў, Уладзімір і Мікалай пачалі кідаць камянямі па машыне, груба лаяліся. За гэта Уладзімір атрымаў 10, а Мікалай 15 сутак арышту.

Нарабіў скандалу Мікалай С., жыхар вёскі Бабры, рабочы таго ж саўгаса. Ён выпіў, прыйшоў на малочнатаварную ферму, лаяўся грубымі словамі, прыставаў да людзей, за што аштрафаваны на 10 рублёў.

Фонд натуральных выдач

У сельгасарцелі “Чырвоны сцяг” створаны фонд натуральных выдач. Калгаснікі ў залежнасці ад працоўнага ўдзелу ў грамадскай гаспадарцы атрымліваюць з гэтага фонду зерне і іншыя прадукты. Нядаўна пачалася выдача хлеба новага ўраджаю. Па некалькі цэнтнераў збожжа атрымалі сем’і калгаснікаў Мікалая Куліка, Сцяпана Радзюка, Уладзіміра Бэндзіка, Івана Сухадольскага, Мікалая Шукевіча і іншых. Хлеб выдаецца за нізкую плату.

За парадак у Белакорацкім сельсавеце

Добраахвотную народную дружыну, створаную ў калгасе “Чырвоны партызан”, узначальвае Мікалай Лявонцьевіч Чабай, электраманцёр. Ён здолеў згуртаваць людзей, накіраваць іх дзейнасць у належнае русла. Атрад добраахвотных дружыннікаў не такі ўжо і вялікі – у яго ўваходзяць 20 чалавек. Асабліва вялікую ўвагу надала добраахвотная дружына барацьбе з самагонаварэннем – ачагом і вытокам усякага злачынства. Дружыннікі рабілі спецыяльныя рэйды па выяўленні самагонных апаратаў. Іх было знішчана больш 20-і.

Радок у Кнігу летапісу

Ужо на працягу многіх месяцаў пішацца Кніга летапісу Сугваздаўскай васьмігадовай школы. Вучні і настаўнікі сабралі шмат цікавых дакументаў і фатаграфій, запісалі ўспаміны былых вучняў школы. Адначасова збіраюцца матэрыялы для Кнігі летапісу роднага калгаса імя Гастэлы.

Будзе наваселле

Новы 12-кватэрны дом пабудаваны для работнікаў Валожынскага аддзялення “Сельгастэхнікі”. Зараз вядуцца аддзелачныя работы. Працуюць маляры, электрыкі, сантэхнікі. Дом паступова прымае рысы завершанасці. У кастрычніку ён будзе здадзены ў эксплуатацыю.

Лясны ўраджай

Больш 30 тон салёных і марынаваных грыбоў прыгатавалі грыбаварныя пункты раённай спажывецкай кааперацыі. Гэта на 10 тон больш, чым планавалася. Значна перавыканалі заданне па нарыхтоўцы грыбоў Івянецкая збытавая база і Ракаўскае сельпо.

Багаты плён

Майстэрствам вырошчвання высокіх ураджаяў сельскагаспадарчых культур авалодалі члены другой паляводчай брыгады, якую ўзначальвае Мікалай Сямёнавіч Косік. У сярэднім з кожнага гектара збожжавых тут атрымана звыш 17 цэнтнераў зерня. Багата ўрадзілі кармавыя культуры. Зялёнай масы кукурузы, напрыклад, у брыгадзе атрымана па 300 цэнтнераў на кожным з 10 гектараў. А ўсяго ў калгасе імя Леніна яе вырасцілі 30 гектараў і з кожнага атрымалі па 250 цэнтнераў зялёнай масы.

На плечы машын

Кожны год павышаецца ўзровень механізацыі сельскагаспадарчых работ у калгасе “Праўда”. Сёлета гаспадарка набыла 2 трактары. Цяпер на арцельных палетках працуюць 10 такіх машын. Яны дапамагаюць хлебаробам вырошчваць ураджай. А для ўборкі яго таксама маецца тэхніка. Гэта 6 камбайнаў, з іх 3 – збожжавыя, 2 – бульбаўборачныя, 1 – сіласаўборачны. Дадайце сюды 7 аўтамабіляў, на якіх дастаўляюцца розныя грузы, і вы ўявіце сабе, які агромністы аб’ём работы кладзецца ў гаспадарцы на плечы машын.

Высокая ацэнка

Ганаровае званне “Заслужаны настаўнік Беларускай ССР” носяць ў раёне шэсць педагогаў: В. Я. Ігнатовіч, дырэктар Дайноўскай пачатковай школы; Г. М. Курдо, настаўніца Пяршайскай СШ; Т. С. Віткіна, настаўніца Валожынскай СШ; М. М. Ганчарык, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Пяршайскай СШ; В. Е. Пячаткіна, настаўніца Івянецкай СШ імя Ф. Э. Дзяржынскага; І. Ц. Дзямідаў, настаўнік Ракаўскай СШ.

Старонкі газеты гартаў

 



Добавить комментарий