ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

РЭХА ВАЙНЫ

У аператыўна-дзяжурную службу РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў прыдарожнай лесапаласе на 79 кіламетры аўтадарогі Мінск-Ашмяны знойдзены невядомы прадмет, які нагадвае снарад часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сапёрна-піратэхнічная група, якая прыбыла на месца з Мінска, выявіла мінамётную міну калібру 82 міліметры з узрывальнікам. Спецыялісты абясшкодзілі знаходку ў кар’еры паблізу вёскі Вялікая Дайнава.

КРАДЗЯЖЫ З БАНКАЎСКІХ КАРТАК

Дзве крымінальныя справы заведзены раённым аддзелам следчага камітэта з выпадку крадзяжу сродкаў з банкаўскіх картак жыхароў раёна. У абодвух выпадках зламыснікі скарысталі несанкцыяніраваны доступ да чужых карт-рахункаў, незаконна атрымаўшы грошы праз банкаматы ў Валожыне і Івянцы. Следства высвятляе, якім чынам да правапарушальнікаў трапілі карткі і пін-коды да іх, якія і дазволілі ажыццявіць крадзеж. Скрадзеная сума перавысіла два мільёны рублёў.

ДОБРА ПАЖЫВІЛІСЯ

Невядомыя зладзеі зрабілі выніковы “набег” на маёмасць аднаго гаспадара ў наваколлі Ракава. Зламаўшы замкі, яны трапілі ў гаспадарчую пабудову, дзе захоўваліся рыштунак і матэрыялы. Паведамляецца, што з памяшкання знік будаўнічы інструмент, аўтамабільныя колы, адмысловыя рыбацкія снасці. Агульны кошт украдзенага – амаль што дваццаць мільёнаў рублёў.

ВЫНІКОВЫ РЭЙД

Падчас чарговага рэйду супрацоўнікамі РАУС недалёка ад вёскі Цаюны на мяжы Налібоцкай пушчы выяўлена месца нелегальнай вытворчасці алкаголю. Знойдзены тры самагонныя апараты і некалькі ёмістасцей з брагай. Паводле патрабаванняў закону апараты былі механічна знішчаны, амаль дзве тоны брагі выліты на зямлю. Вядзецца работа па выяўленні ўладальнікаў падпольнай вінакурні.

ВІНАВАТЫЯ ПАКАРАНЫ

Групай па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі РАУС была праведзена праверка магазінаў раёна, у выніку якой былі выяўлены парушэнні. Найбольш сур’ёзным адхіленнем ад патрабаванняў заканадаўства стала рэалізацыя ўстановамі гандлю тавараў, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці. Адзначыліся гандлёвыя кропкі ў вёсках Капусціна, Гародзькі, Вішнева, Сакаўшчына. Агульны кошт недабраякасных тавараў склаў больш за мільён рублёў. Вінаватыя прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці. Паводле пастаноў раённага суда на іх накладзены штрафы памерам ад дзвюх да дзесяці базавых велічынь.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий