У КОЖНАГА – СВОЙ РАЗВАЖНЫ ВЫБАР…

Общество

Суб’ектыўныя нататкі пасля сустрэчы з выбаршчыкамі кандыдата ў дэпутаты парламента.

Творчая работа немагчымая без натхнення, без пошуку героя, які б запомніўся субяседніку сваёй шчырасцю, пазітыўнай энергетыкай. Калі пашанцуе сустрэць менавіта такога, лягчэй пішацца і матэрыял у газету, ды і манеру яго падачы дыктуе багацце пачутых фактаў, трапных ацэнак, разважанняў.

Я далёкая ад рознай перадвыбарнай рыторыкі. Не люблю, калі кандыдаты абяцаюць залатыя, вобразна кажучы, горы. Калі, нічога яшчэ не зрабіўшы, ужо ўладкоўваюць свой партрэт у “залатую” рамку – маўляў, любуйцеся, які я харошы. Аднак, даведаўшыся, што кандыдат у дэпутаты парламента па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Станіслаў Францавіч Кулеш праводзіць сустрэчу са сваімі патэнцыяльнымі выбаршчыкамі, я ўсё ж вырашыла пабываць на ёй.

Працую ў журналістыцы ўжо амаль тры дзесяцігоддзі. Па профілі свайго ранейшага аддзела не раз асвятляла ў раёнцы перадвыбарную тэматыку. Памятаю, як некалі ў вострай канкурэнтнай барацьбе за мандаты многія кандыдаты былі шчодрыя на розныя пражэкты. Абяцалі дапамагчы нават тралейбусную лінію ад Мінска да Ракава пракласці, пабудаваць ля Валожына сумеснае беларуска-грэчаскае прадпрыемства. Ды і шмат якіх іншых спакуслівых праектаў збіраліся ажыццявіць дзеля нашага з вамі дабрабыту.

Але варта зрабіць і такую рэмарку: хто шмат абяцаў, таго акурат і “пракацілі” разважлівыя выбаршчыкі. А свой давер жыхары раёна заўсёды аказвалі людзям грунтоўным, мудрым, з крытычным і прынцыповым поглядам на жыццё, на яго праблемы.

Шчыра прызнаюся, асцерагалася, што і Станіслаў Францавіч таксама будзе выкарыстоўваць знаёмую ўжо тактыку заваёўвання прыхільнасці выбаршчыкаў. У Маладзечанскім раёне ён – асоба вядомая, а для нас, валожынскіх, чалавек новы. Пра ААТ “Беразінскае”, якое цяпер узначальвае, хоць нейкую інфармацыю дагэтуль ведалі хіба толькі некаторыя кіраўнікі-гаспадарнікі. Асноўная ж маса чытачоў цікавіцца пераважна сваімі рэгіянальнымі навінамі. Для мяне было поўнай нечаканасцю пачуць, што “Беразінскае”, адкуль і ў наш, і ў суседнія раёны раней заказчыкі завозілі брыкет, цяпер гэту прадукцыю ўжо ўвогуле не выпускае. Раней беразінская вытворчасць у агульным  аб’ёме рэспубліканскіх паставак займала амаль 50 працэнтаў. І брыкет той быў самы танны на прасторах колішняга Саюза. Але крызісныя метамарфозы 90-х гадоў, абмежаванасць сыравінных рэсурсаў неўзабаве разбалансавалі работу і гэтага стабільнага прадпрыемства. І тут, каб не выкінуць людзей на вуліцу, рызыкнулі змяніць профіль дзейнасці…

Цяпер ААТ “Беразінскае” – гэта выпуск  спецыялізаванай, у тым ліку і экспартаарыентаванай, тэхнікі для торфаперапрацоўкі. Тут таксама паспяхова развіваецца рамонтна-будаўнічая галіна. Дзейнічае эканамічна моцны цэх па вырабе прадукцыі для завода “Атлант” у Мінску. Развіта гандлёвая сетка і многае іншае. Дарэчы, відэастудыя, якая некалі працавала тут, паспрыяла нараджэнню Маладзечанскага кабельнага тэлебачання.

Гэта прадпрыемства лічыцца горадаўтваральным, як прынята цяпер гаварыць. Таму яму, апрача вытворчых, дастаўся і “кангламерат” розных сацыяльна-бытавых, камунальных, культурных і  іншых праблем мястэчка. І вырашаюцца яны паспяхова.

Лаўлю сабе на думцы, што міжволі паглыбляюся ў эканамічны аспект тэмы. А гэта ніяк не ўваходзіць у мае творчыя планы. Мяне перш-наперш цікавіць галоўны герой перадвыбарнай сустрэчы. Была на ёй проста ўважлівым слухачом: свядома не брала інтэрв’ю, не задавала дадатковых пытанняў кандыдату ў  дэпутаты. Хацела супаставіць, наколькі мой погляд на жыццё, на праблемы супадае з поглядамі і прынцыпамі кандыдата ў парламент па нашай акрузе.

Магчыма таму, што мы людзі аднаго пакалення, я разумела і поўнасцю падзяляла неспакой, перажыванні кандыдата ў дэпутаты парламента, была згодна з многімі вывадамі і думкамі Станіслава Францавіча.

…Розныя тэмы паўсядзённага жыцця ўзнімаліся перад аўдыторыяй слухачоў. Гаварылі пра пазітыўныя змены, якія адбыліся ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі. Пра тыя вялікія прэферэнцыі, якія сёння дадзены моладзі, шматдзетным сем’ям. Пра рэальную падтрымку з боку дзяржавы ў будаўнічых пытаннях многім катэгорыям насельніцтва. Блізкім і зразумелым мне падаўся і тэзіс наконт таго, што на любой вытворчасці не павінна быць ураўнілаўкі ў аплаце працы. Што падтрымліваць трэба перш-наперш тых, хто сапраўды стараецца, а не адседжвае рабочы час.

Адчувалася, што С. Ф. Куляшу было няёмка ці нават сорамна за тых мужчын, якія зневажаюць адвечны статус гаспадара сям’і. У росквіце фізічных сіл свядома звальняюцца з працы, днямі бесклапотна сядзяць на рыбалцы. А іх жонкі самаахвярна працуюць на дзвюх работах, каб пракарміць дзяцей і мужа-абібока, у якога ў кішэні няма ўласна заробленых грошай нават на пачак цыгарэт.

Нерв трывогі С. Ф. Куляша прайшоўся і па праблеме выхавання. Інфантыльнасць, абыякавасць і нігілізм некаторых дарослых людзей маюць глыбокія карані. Найчасцей яны крыюцца ў сям’і. Бацькі ў многім недаравальна патураюць сваім дзецям. Залішне іх аберагаюць ад усялякіх нягод. Адгароджваюць ад пасільнай працы. Нярэдка здараецца, што, калі сыну і дачцэ трэба папрацаваць у парку, то некаторыя бацькі будуць усялякім спосабам старацца іх не адправіць на гэты суботнік. Пачнуць спасылацца на дрэннае здароўе дзяцей, дабываць розныя медыцынскія даведкі, ці ў крайнім выпадку “абвінавацяць”…граблі, якіх быццам не аказалася ў гаспадарцы. Залішне песцяць бацькі і дзяўчынак, таму сёння для многіх з іх праблема нават гузік правільна прышыць. А тады мы здзіўляемся: адкуль столькі развялося гультаёў, п’яніц, дармаедаў…

Слухаючы гэтага чалавека, няцяжка было зразумець, што такія сумныя праявы жыцця ён падгледзеў не толькі ў родным пасёлку, дзе ўсё, як на далоні, а і на прадпрыемстве чуў нямала падобных разважанняў, бо ў яго падпарадкаванні знаходзіцца больш за 400 чалавек.

…С. Ф. Кулеш не раз быў перад выбарам. У маладосці прапаноўвалі застацца працаваць у Гродне, а ён паехаў у роднае Беразінскае. І ні разу не пашкадаваў аб гэтым. У юнацкія гады ў яго няблага складвалася спартыўная кар’ера ў Мінску. Цяга да здаровага ладу жыцця і ў сталыя гады прынесла добры плён. Фізічнай культуры і спорту – зялёная вуліца і на родным прадпрыемстве. Не выпадкова стары дзіцячы садзік у Беразінскім ператварыўся ў выдатную пляцоўку для падтрымання фізічнай формы мясцовых прыхільнікаў спорту.

У свой час два гады С. Ф. Кулеш працаваў старшынёй Гарадзілаўскага сельскага Савета дэпутатаў. Аднак адчуў, што яго сапраўднае прызванне – справы вытворчыя. І таму зноў вярнуўся ў родны калектыў.

На падначаленым прамысловым прадпрыемстве дырэктару не раз прыходзілася прымаць радыкальныя, часам і рызыкоўныя рашэнні. І стратэгія выбару, як потым пацвярджалася, была правільная. Таму сёння тут моцная матэрыяльная база, развітая інфраструктура, а ў людзей дастойная заработная плата, стабільныя сацыяльныя гарантыі, выдатныя ўмовы для працы і змястоўнага адпачынку і інш.

Як у кожнага з нас, у Станіслава Францавіча было і хобі – ён актыўны ўдзельнік мастацкай самадзейнасці. Калі ў 2000 годзе стаў дырэктарам ААТ “Беразінскае”, зноў аказаўся перад выбарам – з-за службовай занятасці міжволі прыйшлося адмовіцца ад удзелу ў выязных канцэртах у складзе вакальнай групы. Але з ім засталося па-ранейшаму аматарскае захапленне баянам і гітарай. Па-бацькоўску і  цяпер клапоціцца гэты кіраўнік пра імідж самадзейных артыстаў: сцэнічныя касцюмы для творчых калектываў не раз набываліся дзякуючы спонсарскай дапамозе прадпрыемства, выдзяляюцца сродкі і на рамонт устаноў культуры.

С. Ф. Кулеш мае вопыт дэпутацкай работы розных узроўняў: ад мясцовага Савета – да абласнога. І тым не менш, калі працоўны калектыў вылучыў свайго дырэктара кандыдатам у дэпутаты парламента, і ў яго падтрымку для рэгістрацыі было сабрана больш за тры тысячы подпісаў жыхароў выбарчай акругі, Станіслаў Францавіч у чарговы раз аказаўся перад выбарам. Ён міжволі задумаўся: амаль 50 гадоў жыцця звязана з родным Беразінскім, дык ці варта нешта кардынальна мяняць у жыцці. Лёс не абмінуў яго сваёй прыхільнасцю: ёсць прызнанне сярод землякоў, ёсць любімая справа, ды і як без людзей, якія за дзесяцігоддзі сталі надзейным тылам, сталі сваімі. Для іх дабрабыту ён і стараўся ўсе гэтыя гады…

Калі азірнуцца назад, то прызнаецца, што часам з падначаленымі абыходзіўся прынцыпова, надзвычай строга. Але ніколі і нікога не пакідаў без рэальнай дапамогі. Нават тых, хто ўжо, здавалася, даўно апусціўся на дно: накіроўваў на прымусовае лячэнне ад алкагалізму, праводзіў выхаваўчую работу.

Сярод сваіх людзей, сярод землякоў заўсёды працаваць няпроста. Яны патрабавальныя, яны часта разлічваюць на долю лаяльнасці і кампрамісы. Але людзі з моцным характарам і воляй, а наш герой менавіта з такіх, умеюць усё трымаць пад кантролем. Яго выбар і асноўны прынцып – працавітасць, дысцыпліна, парадак ва ўсім. І ў вялікім, і ў малым. Калі хтосьці на вуліцы кінуў акурак ці паперку пад ногі, а не ў сметніцу, ён абавязкова зробіць такому чалавеку справядлівую заўвагу. Бо нераўнадушны. Бо любіць свой край. І хоча бачыць яго толькі чыстым і прыгожым. Пра яго на зямлі беразінскай многія скажуць па-сялянску проста і з цёплай удзячнасцю: “Гаспадар!” А гэта таксама ёсць выбар. Аднаго сярод мноства людзей. Сярод землякоў.

…Жыццёвая дарога ніколі не бывае роўнай. І заўсёды яе паспяхова адолее той, хто ідзе наперад. Зрабіўшы правільны выбар.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий