ШАНУЙ ЧУЖОЕ АЖ ДА ПАКЛАНЕННЯ, СВАЁ ЛЮБІ ДА САМАЗАБЫЦЦЯ

Официально

У Вішневе прайшла ўрачыстасць, прысвечаная 100-гадоваму юбілею паэта, перакладчыка, настаўніка Пятра Іванавіча Біталя.

У мінулую суботу мястэчка Вішнева чарговы раз сабрала гасцей – навукоўцаў, літаратараў, дзеячаў культуры Міншчыны. Нагода была важкая: да 100-годдзя нашага слаўнага земляка Пятра Біталя ўдзельнікі літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» РЦК, самадзейныя артысты раёна наладзілі свята, падчас якога перад гледачамі раскрыўся няпросты, дзесьці нават жорсткі жыццяпіс гэтага цікавага, няўрымслівага, апантанага чалавека з вялікай літары…

У Вішнеўскім сельскім доме культуры прагучалі першыя ўрачыстыя словы ў гонар памяці Пятра Іванавіча. Пра інтэлігентнага, высокаадукаванага і таленавітага земляка, настаўніка па творчасці і па жыцці гаварылі шмат. Усе, чые жыццёвыя шляхі так ці інакш перасякаліся з ягонымі, прыгадвалі яго як творцу, які ніколі не жыў для сябе. Пятро Бітэль заўсёды быў душой за праўду. З Вішневам яго звязалі доўгія гады працы. Былы салдат польскай арміі, удзельнік польска-нямецкай вайны, ён прыехаў на Валожыншчыну якраз пасля аб’яднання Беларусі, уладкаваўся настаўнікам, потым – школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі, у 1944-ым, Пятра Іванавіча з сям’ёй вывезлі ў Германію, але ім пашчасціла ўцячы. Вярнуўшыся, ён год адпрацаваў настаўнікам Забрэзскай школы. А пасля наступілі сапраўды цяжкія часы. Пятру Біталю аб’явілі, што да яго больш «няма даверу», і чалавек быў вымушаны звольніцца. Ён прыняў сан праваслаўнага свяшчэнніка. А ў 1950 годзе яго арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Успамінамі пра гэта падзяліўся з прысутнымі запрошаны на мерапрыемства сын Пятра Біталя. Андрэй Пятровіч, які сёння жыве на Пухавіччыне, ніколі не забудзе, як бацьку рэпрэсіравалі, хоць тады яму было ўсяго чатыры гады:

«…Я чакаў, што ён вернецца заўтра ці ў нядзелю. Але ён вярнуўся не скора – калі я ўжо падрос.

Памятаю, мы пайшлі ў Багданаў: я, мама, сёстры, дзядуля, бабуля. Падходзіць цягнік, павольна-павольна. Я гляджу ў вокны, мне хочацца ўбачыць хутчэй татку. А яго няма. Цягнік стаў, чакаем. І тут з апошняга вагона, з апошняй прыступкі спускаецца мужчына. У ватоўцы без каўняра, з шапкай у руках. Я яго не пазнаў, толькі мама падказала: «Вунь твой тата»…

Пятро Бітэль адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, на омскіх лесапавалах і медных рудніках Джэзказгана. Вярнуўся дадому ў 1956 годзе, датэрмінова і са знятай          судзімасцю.

Як пасля засведчылі іншыя госці літаратурнага свята – прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка, маладзечанскі краязнавец Міхась Казлоўскі і іншыя, у гады зняволення Пятро Бітэль пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

Пасля вяртання Пятро Іванавіч працягнуў службу ў царкве, завёў блізкае знаёмства з ксяндзом Уладыславам Чарняўскім, не раз яны ладзілі літаратурныя і моўныя дыспуты.

А потым зноў пачаў настаўніцкую дзейнасць – выкладаў у Вішнеўскай школе беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Пра тыя часы таксама ўзгадаў сын. «Мне пашчасціла, што ў выпускным класе тата быў у мяне настаўнікам нямецкай мовы, – казаў Андрэй Пятровіч. – Запомнілася, што на ўроках бацькі была такая цішыня, што, як муха ляціць, было чуваць. У іншых настаўнікаў таксама было ціха, але там то аловак упадзе, то кніжка зашалясціць. А ў яго – поўная цішыня. Ён ні на кога не павышаў голас, не ставіў двоек, але ўмеў так сказаць, што вучань вучыў абавязкова».

На вечарыне прысутнічалі таксама дачка Пятра Біталя Ала Кушаль, унучка Тамара Бярэзіна, якія сёння жывуць у Маладзечне. Усе яны, як і бацька-дзядуля – настаўнікі, і прыгадалі нямала цікавых фактаў з насычанага радасцямі і трывогамі жыцця вішнеўскага песняра. Падчас літаратурнага свята адбылася і прэзентацыя нядаўна выдадзенай кнігі “Маладыя галасы Валожыншчыны”, у якой сабраны больш за шэсцьдзясят імён аўтараў. Наступным блокам святкавання стала літаратурная гасцёўня, на якой гучалі вершы Пятра Біталя, у тым ліку і вершы, пакладзеныя на музыку. Свае вершы прачыталі маладыя паэты-рунеўцы, праспявалі і аўтарскія песні.

Скончылася літаратурнае свята наведваннем магіл Пятра Біталя, яго вернай спадарожніцы-жонкі, а таксама магілы паэтэсы Канстанцыі Буйло, пахаванай непадалёк. Прысутныя ўсклалі кветкі, а настаяцель царквы Святых Касмы і Даміяна айцец Аляксандр памаліўся аб светлай памяці слынных дзяцей Вішнеўшчыны. Як стала вядома, увекавечыць імя Пятра Біталя і мемарыяльная дошка на Вішнеўскім СДК. Да працы над ёй ужо прыступіў вядомы беларускі скульптар Іван Якімавіч Міско.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий