УПЭЎНЕНЫМ КРОКАМ ДА МАРЫ

Молодежный курьер

Паклікаць у цікавае завочнае падарожжа па англамоўных краінах і расказаць пра іх культуру, традыцыі, зачараваць прыгожым гучаннем англійскай мовы і “па-інязаўску” выдатным вымаўленнем, граматна пабудаваць урок можа маладая настаўніца англійскай мовы Вольга Юр’еўна Дзяруга. З гэтага навучальнага года яна прыступіла да працы ў Ракаўскай сярэдняй школе.

Гэту школу калісьці скончыла і сама. Тым больш прыемна было вяртацца сюды пасля вучобы ў ВНУ. Назаўсёды застанецца ў памяці і першы ўрок у адзінаццатым класе, тут яна ўпершыню па-сапраўднаму адчула сябе школьнай настаўніцай і правяла ўрок цікава і змястоўна.

Прафесія настаўніцы замежнай мовы прысутнічала яшчэ ў дзіцячых марах Вікторыі. Ужо ў восьмым класе яна цвёрда вырашыла, што будзе паступаць на лінгвістычны профіль. Такая мэтанакіраванасць і настойлівасць былі даспадобы і бацькам, і настаўнікам.

На працягу чатырох гадоў дзяўчына рыхтавалася да паступлення, на кожным уроку англійскай мовы актыўна працавала і прагна паглынала новыя веды, займалася самастойна дома, дадаткова наведвала факультатыў. І заўсёды побач з ёй была яе любімая настаўніца Святлана Уладзіміраўна Мякінка. Як вынік – бліскучае паступленне ў Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.

Сёння за плячамі Вольгі і студэнцкія гады, і вучоба ў магістратуры. Зараз яна свабодна валодае англійскай і нямецкай мовамі. А калі стала перад выбарам, куды ісці працаваць, злавіла сябе на думцы, што зусім не супраць выкладаць і гатова дзяліцца ведамі з падрастаючым пакаленнем.

У маладога спецыяліста амаль няма вольнага часу: у яе працоўным раскладзе – урокі, факультатывы, мерапрыемствы, навукова-метадычная дзейнасць па самаадукацыі. Аднак, такая вялікая нагрузка не палохае настаўніцу. Вольга ўпэўнена, што набытыя веды, вопыт выкладання ў студэнцкай аўдыторыі ў час вучобы ў магістратуры дапамогуць ёй знайсці кантакт і ўстанавіць даверлівыя адносіны з вучнямі любога ўзросту. Тым больш што працуе малады спецыяліст і ў першым, і ў адзінаццатым класах. А вялікім іспытам на якасць выкладання замежнай мовы сёлета стане абавязковы выпускны экзамен.

Святлана СУХАДОЛЕЦ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий