Цяжкія крокі насустрач шчасцю

Официально

Яне ЗЯНЬКО чатыры гады, але дзяўчынка ўжо думае пра сваю будучыню. Яна хоча стаць музыкантам, іграць на піяніна, як яе музычны кіраўнік Жанна Феліксаўна Мянцюк з садка № 3 “Пралеска” горада Валожына. Малая вельмі таварыская, у яе шмат сяброў і нават ёсць ужо “каханы” – Ярык з садзіка.

Сям’я дзяўчынкі жыве ў Ганчарах, трымае вялікую гаспадарку, і Яна з задавальненнем дапамагае даглядаць курэй, трусоў, сабаку Пушка і кошку Боньку. Любімая яе кніга “Доктар Айбаліт”, а яшчэ дзяўчынка марыць пра ляльку, якая б сама хадзіла і ўмела размаўляць. Звычайныя дзіцячыя жаданні. Аднак выпрабаванні, якія Яна пераадольвае ў сваім жыцці, зусім нялёгкія для кволых дзіцячых плячэй.

Падчас нашай размовы маці дзяўчынкі Анастасія Міхайлаўна старанна хавае слёзы, але вочы па-здрадніцку вільготныя. Жанчына прызнаецца, калі ўрачы паведамілі, што ў дачкі дзіцячы цэрэбральны параліч, першымі яе эмоцыямі быў горкі адчай: “За што? За што? За што?!”

Але ішоў час і знайшліся сілы… Вялікую падтрымку аказала сястра, і муж Ігар Вячаслававіч стаў надзейным тылам.

Калі Яне было крыху больш за два гады, яна вельмі захацела наведваць дзіцячы садзік. І бацькам прыйшлося ўступіць жаданню дачкі. Аднак Яна хадзіла цяжка і толькі на цыпачках, і каб дзяўчынка магла рабіць самастойныя крокі, ёй далі маленькую калясачку з мяшэчкамі пяску, якія трымалі вагу. І гэту калясачку Яна катала перад сабой і так вучылася больш-менш упэўнена трымацца на нагах.

Тады і зараз дзяўчынку падтрымлівае выхавальніца Людміла Сяргееўна Радзівілка, яна ўпэўнена: не кожны дарослы мае такую сілу волі, як Яна Зянько.

Штодзень дзяўчынка займаецца фізічнымі практыкаваннямі, качае прэс, часта наведвае басейн, самастойна апранаецца, што не заўсёды нават можа зрабіць яе старэйшы васьмігадовы брат Ільюша. Дзяўчынка настойліва і ўпарта змагаецца са сваёй хваробай і не здаецца.

А перад гэтым былі доўгія манатонныя заняткі дома, якія дапамагалі развіць маторыку рук: перакладванне пінцэтам з месца на месца фасолі, шнураванне абутку, зашпільванне адзення…

У расійскім горадзе Тула дзяўчынка перанесла складаную аперацыю па падразанню мышцаў, распрацаваную прафесарам Ульзібатам. На жаль, у нашай краіне такіх аперацый пакуль не робяць. Яна каштуе семнаццаць тысяч расійскіх рублёў, гэта каля 500 долараў. Спансіраваў лячэнне дабрачынны фонд “Шанец”. Каб дзіця з ДЦП добра развівалася, такое хірургічнае ўмяшанне патрэбна рабіць рэгулярна.

Добра развівае мышачны тонус дзетак і іпатэрапія, але заняткі каштуюць нятанна. Напрыклад, у адным коннаспартыўным комплексе пад Мінскам за паўгадзіны язды на кані трэба аддаць 15 тысяч, ды і на далёкую дарогу патрэбны грошы.

…Гэта праўда, што выпрабаванні робяць нас сталейшымі і мудрэйшымі. Напэўна, таму Яна выдзяляецца сярод аднагодкаў сваім розумам і не пагадах мудрай разважлівасцю. У групе дзіцячага садка дзяўчынка стала лідарам і нярэдка нават замяняе выхавальніка.

На тэлеканале “ЛАД” па буднях у эфір выходзіць праграма  “Урачэбныя тайны” з доктарам А. Цярэшчанкам. На запіс чарговай тэмы “Аб чым не прынята гаварыць” не так даўно былі запрошаны і наведвальнікі Рэспубліканскага цэнтра рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў, што ў Мінску. Па тэлевізары гэту праграму вы зможаце ўбачыць у лістападзе. Яна Зянько разам з мамай Анастасіяй Міхайлаўнай сталі аднымі з удзельнікаў гэтага тэлевізійнага праекта. Галоўнай мэтай праграмы было падтрымаць сем’і, у якіх гадуюцца дзеці з асаблівасцямі ў фізічным развіцці, каб слова “інваліднасць” не было для іх дыягназам, страшным прысудам, каб яны змаглі зведаць усе яркія фарбы жыцця і навучыліся лёгка адаптавацца ў грамадстве.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.



Добавить комментарий