МАСТАЦТВА БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМІ

Официально

Адчуванне сустрэчы з чымсьці дзіўным і нетрывіяльным не пакідала, калі я шукала дом сям’і КАПРАН у Ракаве. Па-першае, як загадзя стала вядома, сям’я гэта – шматдзетная – чацвёра дзяцей. Па-другое, муж і жонка – людзі творчыя: ён – архітэктар, яна – мастачка.

Сцяжынка вывела мяне на старую, густа заселеную хатамі, вузкую брукаваную вуліцу 8 Сакавіка. Дом шматдзетнай сям’і аказаўся ў самым сэрцы старажытнага мястэчка Ракаў. Па адзін бок ад яго – рукой падаць – узносіўся ў неба стромкі касцёл у неагатычным стылі, па другі – грэлася ў прамянях сонца велічная царква.

Стары брук вуліцы “забег” і ў двор дому, дзе ля самага парога спыніўся каля выгладжанага часам прамавугольнага валуна, які адыгрываў ролю прыступкі. Ды і сам дом быў арыгінальны: адна палова – драўляная, другая – каменная, трохі вышэйшая, прыбудаваная пазней. Ля парога цёплую гліняную, злёгку ссутуленую сцяну абдымала смарагдавае лісце вінаграду. Дому, як высветлілася пазней, – 200 гадоў. “Напэўна, у такім месцы і павінны жыць сапраўдныя мастакі-летуценнікі”, – падумала я і ў прадчуванні цікавай сустрэчы пераступіла парог.

Нізкая столь, да якой мож-на дакрануцца рукой, шыракапузая печ, вузкія вокны надавалі хаце незабыўны каларыт сівой даўніны. Але пры гэтым адчувалася эмацыянальная паўната быцця. Мноства карцін – работы маці сямейства – і шматлікія фатаграфіі ў рамках шчыльна запаўнялі сцены аж да столі. “Карнавал” пярэстых арыгінальных рэчаў, зробленых сваімі рукамі, запаланіў паліцы шафаў і этажэрак. Пасярод пакоя паважна размясціўся велізарны стол – месца вячэр, працы і сямейных дыскусій…

Але калі стол упрыгожваюць госці, то дом – дзеці. А яны ў гэтай сям’і – надзвычай каларытныя: у кожнага – як і ў іх бацькоў – кучаравыя залатыя валасы, у якіх, здавалася, заблыталася сонца.

Мініяцюрная, падобная хутчэй на школьніцу, чым на шматдзетную маці, гаспадыня мілагучнай беларускай гаворкай пачала распавядаць пра сваю сям’ю. Я занатоўвала пачутае і міжволі паглядала то на аздоблены ручніком абраз у куце, то на неонавае мігаценне камп’ютарнага экрана, зусім страціўшы пульс часу.

Гаспадары дому – карэнныя мінчане. Восем гадоў таму перабраліся жыць у Ракаў, ратуючыся ад мітусні і тлуму каменных джунгляў сталіцы.

Эла Уладзіміраўна скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава, яе муж Максім Пятровіч – політэхнічны ўніверсітэт з кваліфікацыяй “архітэктар”. Пазнаёміла гэтых людзей мастацтва. Іх шлюбу – 15 гадоў.

Але самыя яркія фарбы на палітры іх жыцця, безумоўна, – чацвёра дзяцей. Дванаццацігадовая Яна, дзесяцігадовая Мілана, другакласнік Стасік – дзеці ветлыя, адкрытыя і, як і бацькі, творчыя. Наведваюць Ракаўскую музычную школу, а таксама займаюцца ў адной з мастацкіх студый Мінска. Пяцігадовы Лёва пакуль ходзіць у дзіцячы садок.

Дарэчы, у гэтай сям’і жы-вуць яшчэ і трое звяркоў: кот, марская свінка і трус. І ўсе яны чорнага колеру. Магчыма, так пушыстыя гадаванцы ўраўнаважваюць фантан фарбаў, яркую палітру пачуццяў і эмоцый, якія пануюць у гэтым доме.

Прафесія мастака-дызайнера дазваляе Эле Уладзіміраўне весці гурток мяккай цацкі ў Ракаўскай сярэдняй школе. Муж працуе ў архітэктурным бюро ў сталіцы.

– У вясковым жыцці яшчэ не расчараваліся? Можа, шкадуеце пра свой выбар пакінуць горад? – цікаўлюся ў гаспадыні.

– Ніколькі! Наша жыццё паўнацэннае і па-свойму багатае. Мы дыхаем чыстым, а не загазаваным паветрам. Да таго ж у нас у хаце ёсць гарачая вада і ўсе астатнія гарадскія выгоды. Летам усёй сям’ёй ходзім у ягады і грыбы. Маем агарод. У нядзелю і святы абавязкова ідзём на імшу ў касцёл. У нашых планах – пабудаваць другі паверх у доме, ці штосьці накшталт мансарды. Мужу будзе дзе праявіць свае архітэктурныя таленты.

Сям’я Капран умее бачыць цудоўнае ў звычайным. Гэтыя людзі мне падаліся шчаслівымі. А шчасце, як трапна прыкмеціў адзін пісьменнік, – гэта водар, які немагчыма раскрыць іншым, не пырснуўшы на сябе хоць бы некалькі кропель.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий