Пра некаторыя аспекты палявання…

Общество

На чарговым пасяджэнні райвыканкама звернута ўвага на строгае выкананне абавязацельстваў на арандуемых паляўнічых угоддзях, а таксама на стан аховы жывёльнага і расліннага свету.

Сёлетні год, на жаль, не садзейнічаў рэйтынгаваму росту нашай лясной гаспадаркі. Незаконнае знішчэнне зуброў на тэрыторыі заказніка ў пачатку года прынесла прадпрыемству дрэнную славу.

Гэты факт экстраардынарны, бо нанесены значны ўрон папуляцыі зуброў, біяэкалагічнай і прыроднай збалансаванасці. Зубры былі застрэлены ў час паляўнічага тура, арганізаванага прадпрыемствам “Беларусь-турыст”. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа.

Рэспубліканскія, абласныя прыродаахоўныя ведамствы пасля гэтага здарэння ў пушчы ўзмацнілі кантроль, прыкметна павялічылі перыядычнасць рэйдаў, прынялі іншыя меры прафілактыкі. Гэта тэма была не другараднай і ў СМІ рознага ўзроўню. Здавалася б, што зімовыя браканьерскія стрэлы ў пушчы стануць горкім урокам на доўгія гады, а падобныя злачынствы больш не паўторацца. Але думаць так, як аказалася, значыць падманваць свае спадзяванні. Ліхадзейскія сцежкі, на жаль, і пазней не абміналі пушчанскія шаты. Прычым паўза была не вельмі працяглая. У тым жа зімовым месяцы на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” ДЛГУ “Валожынскі лясгас” дзяржінспектары выявілі месца незаконнай здабычы казулі. У выніку аператыўных дзеянняў яны натрапілі на след вінаватага. Казулю застрэліў непрацуючы В. К. з Івянца. Незаконнае паляванне вымяралася штрафам у 180 базавых велічынь. Урон, нанесены прыродзе, быў кампенсаваны парушальнікам да суда ў добраахвотным парадку.

Статыстыка супрацьзаконнага палявання, на жаль, папаўнялася і далей. Супрацоўнікі дзяржінспекцыі жывёльнага і расліннага свету каля вёскі Белакорац на сенажаці, якая падступала да асабліва ахоўваемай тэрыторыі заказніка, у чэрвені гэта года запеленгавалі ноччу аўтамабіль “УАЗ”. Пры дапамозе фары, устаноўленай зверху аўтамабіля, асвятляўся лес. Кіраваў транспартам егер  С. А., які праводзіў паляўнічы тур для расіяніна. Кампаньён сядзеў на заднім сядзенні каля адчыненай форткі з зараджаным карабінам “Блейзер”.

Праз пяць дзён пасля гэтага здарэння дзяржінспектары зноў наладзілі рэйд на Валожыншчыне. Каля 23 гадзін на дарозе Вуглы – Пагарэлка на мяжы з ўгоддзямі заказніка яны запрыкмецілі матацыкл, які належаў А. К. – рабочаму аднаго з івянецкіх прадпрыемстваў.

Ён лямпай-фарай асвятляў паляўнічую зону. Інспектары далі знак спыніцца, але вадзіцель памкнуўся ўцячы. Пачаліся “гонкі” з праследаваннем. У час руху на матацыкле пасажыр Н. Ш., які, як потым высветлілася, быў падшафэ, каб замесці сляды, выкінуў у кювет незарэгістраванае паляўнічае ружжо. Яно было зараджана патронам з карцеччу. Парушальнікаў затрымалі. На месца здарэння была выклікана аператыўна-следчая група і супрацоўнікі ДАІ. Па  гэтым факце праводзіцца праверка.

Гэта не адзінае летняе здарэнне на лясных угоддзях. Дададзім сюды і выпадак, які адбыўся на Вішнеўшчыне. Ён закончыўся чалавечай ахвярай.

Частата паўтарэння негатыўных фактаў, маштаб іх уплыву на прыродны баланс не маглі не прымусіць Мінскую абласную інспекцыю жывёльнага і расліннага свету скрупулёзна ўнікнуць у тое, як жа на практыцы выконваюць арандатары паляўнічых угоддзяў Валожыншчыны свае непасрэдныя абавязацельствы, на якім узроўні тут работа, звязаная з захаваннем жывёльнага і расліннага свету. Таму яны і ініцыіравалі разгляд гэтага пытання на пасяджэнні райвыканкама.

Напачатку з боку абласнога ведамства нават гучала прапанова наконт анулявання дагавора арэнды на карыстанне паляўнічымі ўгоддзямі з ДЛГУ “Валожынскі лясгас”. Але дэталёвы разгляд на пасяджэнні райвыканкама ўсіх дапушчаных негатыўных фактаў, перспектыўнае планаванне будучых рэйдавых мерапрыемстваў і іншыя аспекты абмеркавання гэтай тэмы закончыліся больш лаяльнай мерай адказнасці за ўчыненае. Вырашана пакінуць існуючы дагавор арэнды ў сіле. А праз некалькі месяцаў на пасяджэнні райвыканкама паўторна разгледзець гэта пытанне. Калі ж сітуацыя не будзе істотна папраўлена, лясгас можа страціць правы на арэнду. Рэкамендавана Мінскаму вытворчаму лесагаспадарчаму аб’яднанню прыцягнуць службовых асоб лясгаса да дысцыплінарнай адказнасці. Фармулёўка віны больш чым канкрэтная: за бяздзеянне, якое прывяло да парушэння прыродаахоўнага заканадаўства.

Акрамя паляўнічай гаспадаркі мясцовага лясгаса правам арэнды ўгоддзяў надзелена і валожынская арганізацыйная структура рэспубліканскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”, якую ўзначальвае В. В. Есьман. Тут работа больш выніковая: праводзяцца рэйдавыя мерапрыемствы, праверкі выканання прыродаахоўнага заканадаўства. Агульная плошча лясных угоддзяў гэтага ўладальніка складае 30,1 тысячы гектараў. Клопатаў хапае! Але тут, на шчасце, пакуль не дапушчана парушэнняў асноўнага правіла знаходжання ў лесе чалавека са зброяй у руках: “Не нашкодзь прыродзе!” Хочацца спадзявацца, што падобная станоўчая тэндэнцыя захаваецца і ў далейшым.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий