ВАКЦЫНА ЗМАДУЛЮЕ МОЦНЫ ІМУНІТЭТ

Общество

Грып працягвае заставацца найбольш масавым інфекцыйным захворваннем (па частаце і колькасці выпадкаў у свеце складае 95% ад усіх інфекцыйных захворванняў) і з’яўляецца адной з самых актуальных медыцынскіх і сацыяльна-эканамічных праблем. Гэта адзіная інфекцыя, якая выклікае штогадовыя эпідэміі і перыядычныя пандэміі, што ахопліваюць да 30% насельніцтва зямнога шара.

Па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя штогод хварэюць грыпам 20-30% дзяцей і 5-10% дарослых зямнога шара, а паміраюць ад грыпу ад 250 тысяч да 500 тысяч чалавек. Эканамічная шкода ад штогадовых эпідэмій складае ад 1 да 6 мільёнаў долараў на 100 тысяч насельніцтва.

Самым эфектыўным сродкам прафілактыкі грыпу з’яўляецца імунізацыя. Вакцына супраць грыпу створыць неабходны ўзровень калектыўнага імунітэту, які павысіць устойлівасць насельніцтва да гэтай інфекцыі, знізіць цяжар захворвання і паменшыць верагоднасць захворвання асоб, якія не маюць імунітэту.

Праз 14-21 дзень пасля вакцынацыі развіваецца імунітэт, які забяспечвае абарону ад захворвання грыпам на працягу 6-12 месяцаў.

Ні адзін лячэбны і прафілактычны прэпарат не дае 100% гарантыі ад захворвання. Надзейнасць сфарміраванай пасля вакцынацыі абароны залежыць ад многіх фактараў: узросту і стану здароўя пацыента, індывідуальных асаблівасцей. У сярэднім са 100 прышчэпленых 70-98 чалавек будуць абаронены ад грыпу. Калі ўсё ж прышчэплены чалавек загрыпуе, то захворванне ў яго будзе працякаць у лёгкай форме і без ускладненняў.

Вакцына супраць грыпу таксама валодае дадатковымі, у некаторай ступені імунамадулюючымі ўласцівасцямі. Дзякуючы гэтаму, імунная сістэма прыкладна 20-25 чалавек са 100 прышчэпленых набывае дадатковую ўстойлівасць і да іншых рэспіраторных вірусных інфекцый.

Летась у нашым раёне прафілактычнай імунізацыяй было абхоплена 16,5% дзіцячага насельніцтва і 33,5% дарослага. На прадпрыемствах раёна з усёй колькасці прывітых работнікаў хварэла ВРВІ і грыпам толькі 8%. На ААТ “Івянецкі завод мастацкай керамікі”, на ААТ “Універсалрамбуд” Валожынскага РБУ, у Валожынскім філіяле райпалівазбыту сярод прывітых работнікаў грыпам не захварэў ніхто.

Па даных лячэбна-прафілактычных арганізацый сярод захварэўшых цяжкіх форм ВРВІ не назіралася. У асноўным мелі месца лёгкія і сярэднецяжкія выпадкі.

Атрыманыя вынікі сведчаць аб эфектыўнасці вакцынацыі супраць грыпу, а таксама аб мэтазгоднасці выдзялення дадатковых фінансавых сродкаў для закупкі супрацьгрыпозных вакцын як з мясцовага бюджэту, так і за кошт прадпрыемстваў і арганізацый.

Вольга СЯЛІЦКАЯ,

урач-эпідэміёлаг РЦГіЭ.

 



Добавить комментарий