ПАКАРАНЫ ЗА АБЫЯКАВАСЦЬ…

Общество

На пасяджэнні райвыканкама, якое адбылося ў мінулы панядзелак, у шэрагу іншых разглядалася пытанне аб невыкананні сельгаспрадпрыемствамі раёна і ААТ “Валожынскі льнокамбінат” мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджванне пажараў і гібелі на іх людзей. З такой ініцыятывай выступіла кіраўніцтва райаддзела па надзвычайных сітуацыях пасля чарговага рэйду.

У мінулым годзе ў час навальніцы згарэлі некалькі малочнатаварных ферм і цялятнікаў разам з жывёлай. Як высветлілася пазней, на іх не была ўстаноўлена маланкаахова. Па гарачых слядах супрацоўнікі РАНС абследавалі амаль усе аб’екты гаспадарак. У большасці сваёй яны не адпавядалі патрабаванням правілаў пажарнай бяспекі, рэдка дзе была і спраўная маланкаахова. Кіраўнікі і іншыя службовыя асобы панеслі пакаранне.

28 кастрычніка 2011 года райвыканкамам было прынята рашэнне “Аб выкананні арганізацыямі і ўстановамі раёна мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджванне пажараў і гібелі на іх людзей”. У адпаведнасці з пунктамі 4 і 7 гэтага рашэння ўсе падведамасныя аб’екты гаспадарак неабходна было прывесці ў пажаранебяспечны стан, а жывёлаводчыя будынкі, зернесклады, сенасховішчы і іншыя аб’екты абсталяваць спраўнай маланкааховай. Быў вызначаны і тэрмін – да 20 красавіка 2012 года. Праз некаторы час кіраўнікі гаспадарак спраўна паведамілі ў райаддзел, што ўсе недахопы ліквідаваны. Аднак чарговы рэйд паказаў, што на самай справе не ва ўсіх гаспадарках згаданае рашэнне выканана. У ААТ “Багданаўскае”, ААТ “АграВішнеўскі”, СВК “Пяршаі-2003” і СГУ “Бабровічы” адпаведныя работы амаль завершаны. А вось у ААТ “Лоск”, УП “Івянецкая крыніца”, ААТ “Агра-Доры”, ААТ “Пугачы”, ААТ “Агра-Дубінское”, ААТ Суднікаўскі”, а таксама на вытворчым участку ААТ “Тарасава” ў Ракаве работы нават не пачыналіся. Кіраўнікі гэтых гаспадарак былі паўторна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, ім вынесены прадстаўленні.

Шмат недахопаў выявілі супрацоўнікі Дзяржпажінспекцыі і на ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Гэта прадпрыемства належыць да групы рызыкі, бо перапрацоўвае пажаранебяспечную сыравіну – лён. Аднак да гэтага часу на прадпрыемстве не распрацаваны пашпарт пажарнай бяспекі, не заключаны дагавор са спецыялізаванай арганізацыяй на тэхабслугоўванне аўтаматычнай устаноўкі пажаратушэння, няспраўныя арашальнікі. У цэху асноўнай вытворчасці няспраўная сістэма апавяшчэння людзей, не ачышчаецца вентыляцыйнае абсталяванне і інш. Зараз на гэты будынак дзейнічае пастанова аб забароне эксплуатацыі. Заправачны пункт льнокамбіната не абсталяваны маланкааховай, ёсць парушэнні і ў інтэрнаце.

Пасля разгляду пытання на пасяджэнні райвыканкама кіраўнікі ААТ “Лоск”, ААТ “Пугачы”, ААТ “Агра-Дубінское”, льнокамбіната і начальнік ВУ Ракаў ААТ “Тарасава” будуць прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці. Заўвага аб’яўлена дырэктару УП “Івянецкая крыніца”. Кіраўнікам ААТ “Суднікаўскі”, ААТ “Агра-Доры” і дырэктару КСУП “Сакаўшчына-Агра”, паколькі яны непрацяглы тэрмін знаходзяцца на пасадах, пакуль толькі ўказана на непрыняцце належных мер па абсталяванні аб’ектаў маланкааховай.

 



Добавить комментарий