ПАД ДАХАМ СЯМЕЙНАЙ УТУЛЬНАСЦІ

Общество

“Усё новае – гэта добра забытае старое,” – гаворыць прымаўка. Сённяшнія тэндэнцыі ў развіцці дашкольнага выхавання і навучання лішні раз пацвярджаюць яе справядлівасць. Выхаванне самых маленькіх грамадзян краіны мусіць спалучыць лепшыя навукова-метадычныя набыткі сучасных дашкольных устаноў і традыцыйную сямейную ўтульнасць.

Паралельна з існуючымі ўстановамі сямейныя дзіцячыя сады хутка расчыняць дзверы. Менавіта гэткае даручэнне прагучала вясной гэтага года з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Спатрэбіўся некаторы час, каб ідэя набыла канкрэтныя формы.

Спецыялістамі ў сферы адукацыі прааналізаваны існуючыя магчымасці, распрацаваны план дзеянняў, вывучана існуючая заканадаўчая база. Вынікам стала інструктыўна-метадычнае пісьмо Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, адрасаванае ўстановам дашкольнай адукацыі.

У ім асобна выдзелена праблема забеспячэння даступнасці якаснага дашкольнага выхавання, яго адпаведнасці патрабаванням розных катэгорый сем’яў. Дакументам запланавана адкрыццё ў кожнай вобласці не менш, чым дзесяці сямейных дзіцячых садоў і не менш за 2-3 дашкольныя ўстановы прыватнай формы ўласнасці.

Пра перспектывы новай формы арганізацыі дашкольнай адукацыі ў раёне карэспандэнту газеты расказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Аляксандраўна Залеская. Паводле яе слоў першыя сямейныя дзіцячыя сады, якія арганізацыйна будуць уяўляць сабой самастойныя дашкольныя ўстановы альбо асобныя групы ў складзе існуючых, з’явяцца ў раёне ўжо да канца года.

“Па праграмах навучання, нормах і формах арганізацыі адукацыйнай дзейнасці і побыту дзяцей, гэтыя сады не будуць адрознівацца ад звыклых,” – патлумачыла Валянціна Аляксандраўна. – “А вось прымаць дзетак пачнуць не толькі афіцыйныя дашкольныя ўстановы, але і звычайныя сем’і. Мяркуецца стварыць невялікія групы памерам ад двух да дванаццаці выхаванцаў. Падчас прыняцця рашэння аб стварэнні новых садкоў будуць улічвацца наяўнасць у сям’і людзей з адпаведнай педагагічнай адукацыяй, зручнасць размяшчэння, санітарныя і гігіенічныя ўмовы, гатоўнасць бацькоў аддаць сюды сваіх дзяцей. Аплата працы супрацоўнікаў такіх садкоў будзе праводзіцца адпаведна нормаў, прынятых у дзеючай сістэме адукацыі”.

Для ацэнкі перспектыў стварэння ў раёне прыватных платных дзіцячых садоў аддзелам адукацыі праведзена спецыяльнае анкетаванне. Было апытана амаль паўтары сотні бацькоў, чые дзеці ва ўзросце ад аднаго да шасці гадоў не наведваюць дашкольныя ўстановы. Высветлілася, што большая частка апытаных гатова выдаткоўваць на аплату дзіцячага сада не больш за сто тысяч рублёў. Самымі запатрабаванымі бачацца паслугі спецыяліста-лагапеда, а самы пажаданы на погляд бацькоў памер групы складае не больш за шэсць чалавек. Толькі двое апытаных выказалі гатоўнасць аддаць дзяцей у прыватную дашкольную ўстанову. Абсалютная большасць рэспандэнтаў поўнасцю задаволена традыцыйнай формай.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий