Яшчэ нядаўна здавалася, што надзея бясплатна атрымаць добраўпарадкаваную кватэру, як гэта некалі было ў далёкія камуністычныя часы, назаўсёды канула ў Лету.
Але дзяржава сабрала пад сваё клапатлівае крыло дапамогі тыя катэгорыі насельніцтва, якія абдзяліў горкі лёс. У першую чаргу гэта дзеці-сіроты, інваліды пэўнай групы і іншыя. Ім пачалі прадастаўляць бясплатнае жыллё і ў нашым раёне. Прычым, будаўніцтва кватэр для гэтай катэгорыі насельніцтва набыло на Валожыншчыне зайздросную дынаміку. Пазалетась здалі ў эксплуатацыю пяціпавярховы дом-прыгажун у мікрараёне Сельгастэхніка райцэнтра. А праз нейкі час у цэнтры горада была выбрана новая пляцоўка для ўзвядзення другога такога дома.
Жылы будынак прапішацца на вуліцы Савецкай. Ён абыдзецца дзяржаве ў 7 мільярдаў рублёў. Тут справяць наваселлі 44 сям’і сірот, а таксама гараджане, якія згодна з існуючай чаргой будуць адселены з аварыйнага жылога фонду.
Будынак узводзіцца па сучасным праекце з улікам максімальных бытавых зручнасцей і камфорту для яго жыльцоў. Працуе на новабудоўлі калектыў ПУП “Антас-буд”, якім кіруе С. П. Шчэрбітаў.
Сцены чарговага сацыяльнага дома ўжо пад стромкім дахам. Навідавоку змяняе сваё дызайнерскае аблічча і фасад. Самай працаёмкай часткай цяпер стануць унутраныя работы. Дом па папярэдніх разліках сваіх пастаянных жыхароў прыме праз некалькі месяцаў. Тым, хто будзе жыць у сучасных камфортных, прасторных кватэрах, можна толькі пазайздросціць.
Ірына ПАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.