КРАІНА ВАСІЛЬКОВАГА НЕБА, ПАЗНАВАЦЬ ЦЯБЕ НЕ СТОМІЦЦА ДУША…

Общество

У той дзень сонца хацела паставіць чарговы тэмпературны рэкорд. У поўдзень было за трыццаць, такое анамальнае надвор’е трымалася амаль увесь ліпень. Водпуск заканчваўся. Роўна тыдзень застаўся ў ланцужку імклівых, але пакуль яшчэ вольных ад працоўнай нагрузкі, дзён. Мы вырашаем наведаць старажытны Полацк, каб хоць нешта значнае мець ва ўспамінах пра лета. Садзімся ў легкавушку. Вадзіцель пільна ўглядаецца ў дарожную карту, каб выбраць найбольш блізкі шлях. Едзем у асноўным праз вёсачкі. Нібы кабеты пярэстымі хусцінкамі, сядзібы сустракаюць нас квяцістымі падворкамі. Вока міжволі адзначае парадак і чысціню ў населеных пунктах па ўсёй працягласці турыстычнага маршруту. Такім, відаць, і павінен быць шлях у знакаміты Полацк, які вобразна называюць бацькам гарадоў беларускіх. А калі трапляеш непасрэдна ў сам горад, эмоцыі проста захлістваюць цябе…

Тут кожны чалавек узрушаны прадчуваннем велічы і значнасці гэтай своеасаблівай турыстычнай Меккі не толькі нашай Беларусі. За апошнія гады горад непазнавальна змяніўся. Дзякуючы багатай гісторыка-культурнай спадчыне, ён першым у ліку іншых гарадоў у 2010 годзе ўдастоены звання культурнай сталіцы Беларусі. Тут святкаваліся рэспубліканскія “Дажынкі”, тут праводзіўся Дзень беларускага пісьменства і іншыя рэспубліканскія і абласныя мерапрыемствы. А нядаўна Полацк адзначыў сваё 1150-годдзе.

Ніці часу звязваюць сівую даўніну і імклівую сучаснасць у адну гарманічную плынь. Асаблівай архітэктонікай заварожвае цэнтр. Галоўная плошча горада рэстаўрыравана з улікам гістарычнага каларыту. Тут заўсёды чародкі турыстаў. Яны з задавальненнем робяць здымкі на памяць. Аўтобусы і легкавушкі паркуюцца непадалёк. Многія госці горада свядома адпраўляюцца пешкі ў тыя кропкі экскурсійнага маршруту, дзе так хочацца пабываць. А паглядзець тут можна шмат. Полацк некалі меў статус цэнтра хрысціянства на ўсходнеславянскіх землях. Сэрца замірае ад адчування, што некалі гэтымі сцежкамі хадзіла асветніца Еўфрасіння Полацкая – першая жанчына Беларусі, прылічаная да ліку святых. Гэты горад – калыска першадрукара і асветніка Францыска Скарыны. Тут знаходзіцца музей беларускага кнігадрукавання. Гістарычны летапіс захаваў звесткі пра буйныя бітвы на полацкіх землях напалеонаўскіх войскаў з рускімі, пра вызваленчую місію Чырвонай Арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод гістарычных помнікаў – Чырвоны мост праз раку Палата – сімвал мужнасці рускіх войскаў у час вайны 1812 года, а таксама помнік 23 воінам-гвардзейцам, якія загінулі ў 1944 годзе ў баях за абарону горада.

…Абмінаем доўгую калону пасажырскіх аўтобусаў. Міжволі вывучаем шыльдачкі на іх. Экскурсанты завіталі ў Полацк з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ноўгарада, з Украіны. Яшчэ больш пашыранай становіцца геаграфія прыбыўшага ў горад транспарту, калі трапляеш на вуліцу Еўфрасінні Полацкай. Сотні паломнікаў за тысячу вёрст едуць сюды, каб у думках пра вечнасць пастаяць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры (XII ст.), дзе некалі пачынаўся шлях ігуменні Полацкай. Сюды едуць вернікі пакланіцца мошчам Прападобнай. Ступіўшы на святую зямлю, міжволі адчуваеш прыліў святла і хвалявання ў душы.

Велічнасцю скарае Сафійскі сабор. Такія храмы былі толькі ў Кіеве і Ноўгарадзе – цэнтрах мацнейшых рускіх княстваў. Для зручнасці замежных турыстаў многія назвы вуліц прыводзяцца на некалькіх мовах. Але турысты-адзіночкі ўсё роўна блытаюцца ў пошуках патрэбнага ім маршруту. На вуліцах пераважна паломнікі, экскурсанты. А карэнныя палачане ў большасці сваёй у летнюю спёку з’ехалі з уласных душных кватэр на дачы. Калі завядзеш размову з турыстамі, асабліва пажылога ўзросту, то таксама пачнуць з непрыхаванай цікавасцю распытваць выпадковых субяседнікаў: «Адкуль яны прыехалі ў Полацк?» І заўсёды лагодна ўсміхаюцца, як свае, як добразычлівыя рускія, як украінцы… Адчуваецца, што братэрскія народы былога Савецкага Саюза і да гэтага часу з настальгіяй успамінаюць час, калі мы вандравалі без віз і межаў па прасторах некалі вялікай дзяржавы.

Расказваць чытачу пра гістарычную спадчыну Полацка – гэта марная спроба. Як ні старайся – атрымаецца толькі скупая частка таго, чым багата гэта славутае месца. Сюды трэба ехаць, каб усё пабачыць на свае вочы…

Па шляху дадому, нягледзячы, што ўжо добра бярэцца ў сілу спелы вечар, мы вырашаем хоць на хвілінку заглянуць у самы маленькі горад Беларусі – у Дзісну. Ад Полацка да яго 40 кіламетраў. Калі нарэшце дабраліся, разумеем, што ў позні вячэрні час наўрад ці  можна заказаць экскурсію. Самастойна аглядаем горад, які заснаваны ў XI стагоддзі. Што ён надзвычай маленькі, яскрава сведчыць указальнік на адной з вуліц. Апора не забетанавана ў зямлю, яна ўманціравана ў чаравік-скараход. Маўляў, Дзісна такая малая, што можна перамяшчацца і пешкі. Горад і да гэтага часу захаваў нямала помнікаў дарэвалюцыйнай архітэктуры. У культурным плане ён славуты першай тэатральнай пастаноўкай пад кіраўніцтвам знакамітага Ігната Буйніцкага.

Ля рэчкі, куды мы прыйшлі паглядзець на дзеючы паром, сустракаем двух падлеткаў. Яны цяпер нашы гіды. Хлопчыкі-пяцікласнікі гатовы паказаць, дзе знаходзяцца ўнікальныя храмы, дом рамёстваў, дзе размешчана лепшая аграсядзіба і г. д. Дасведчаныя школьнікі расказваюць, што ў Дзісне пражывае прыкладна 2000 чалавек. Мы хвалім іх, што так шмат цікавага ведаюць пра свой горад. А яны нечакана адказваюць: “Не, мы не мясцовыя! Жывем у іншых гарадах, а ў Дзісну прыехалі да бабуляў на канікулы!” Дапытлівасць падлеткаў, іх шырокі кругагляд цешаць сэрца. Вельмі добра, што ў юных сэрцах жыве столькі любові да роднай Беларусі, што дзеці з маленства імкнуцца глыбей ведаць родны край, каб стаць не выпадковым, а дасведчаным краязнаўцам.

Патрыятызм кожнага пачынаецца з любові да малой радзімы. А яе нам пазнаваць ды пазнаваць! Ніякага водпуску не хопіць, каб паглядзець усё, што варта паглядзець кожнаму беларусу. Навярстаем упушчанае ў наступным годзе! А заморскія курорты і пляжы няхай пачакаюць. Нездарма ж некалі напісаў славуты беларускі паэт:

“Кожны з нас прыпасае Радзімы куток,

Каб да старасці чэрпаць адтуль успаміны —

Дым над хатай, снапамі прыціснуты ток,

Матчын спеў і гароды, прапахлыя кмінам…”

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий