НА ВУЛІЦЫ САДОВАЙ ЦЭНЯЦЬ ПРЫГАЖОСЦЬ

Общество

Такой аднадушнасці мы не чакалі. Бо, калі ў Сугваздах папрасілі выпадковых прахожых назваць адрас сядзібы ўзорнага парадку і высокай санітарнай культуры, яны прывялі ў прыклад вуліцу Садовую. Тут амаль усе сядзібы як на падбор!

Мы вырашылі пераканацца на свае вочы. Адразу пацвердзілася поўная адпаведнасць назве. Пладовых дрэў тут і насамрэч сапраўднае багацце. Ружовашчокія, налітыя сокам яблыкі ледзь не да зямлі згінаюць галіны дрэў. Шчодра ўсыпаны пладамі яблыні, грушы, алыча. Яны – жывая дэкарацыя прыроды, якая дапаўняе прыгажосць, што стварылі на вуліцы людзі. А руплівыя рукі гаспадынь і сапраўды пастараліся. Колькі розных кветак расце на кожнай сядзібе! А за імі ж патрэбны пільны догляд, часты і своечасовы паліў спякотным летам. У занятых сялянскай працай вяскоўцаў часу вольнага не так і шмат. Даглядаюць прысядзібны ўчастак са шматлікімі градкамі агародніны, цяпліцамі ды парнікамі. Многія жыхары Садовай трымаюць карміцелек-кароў. Ля платоў лічы кожнай хаты стаяць вёдры з накрыўкамі. Праехаўся, відаць, малаказборшчык, сабраў раніцай сырадой. І цяпер пустая тара чакае, пакуль у абедзенны перапынак гаспадары прыйдуць дадому і прыбяруць малочны посуд.

Прыгожыя кветкі не глядзяцца яркім кантрастам на фоне жылых дамоў. Фасады таксама пафарбаваныя, некаторыя абшыты сайдынгам. Амаль нідзе на вуліцы Садовай не ўбачыш старыя пахілыя платы. Многія вяскоўцы паставілі на сваіх сядзібах рознакаляровыя ажурныя агароджы з бетону. Некаторыя па-ранейшаму засталіся верныя тым, што ўзводзяцца са штыкетніку. Найбольш прадпрымальныя гаспадары зрабілі агароджы з ачышчаных тонкіх ствалоў лазняку. Але і такі просценькі плоцік глядзіцца  даволі эстэтычна.

Як і ў многіх вёсках, у Сугваздах на вуліцы Садовай любяць гаспадары ўстанаўліваць драўляныя альтанкі з дэкаратыўнай разьбой, любяць аздабляць тэрыторыю ля дома скульптуркамі з дрэва, металу, афармляць штучныя вадаёмы.

Старанне людзей заахвочвае і мясцовая ўлада. На адной сядзібе вісіць шыльдачка “Лепшы падворак”. Народнае “журы” таксама дакладна падводзіць вынікі неафіцыйнага спаборніцтва на самыя прыгожыя сядзібы. У ліку лепшых тут называюць добраўпарадкаваныя сядзібы Івана і Таццяны Глінскіх, Антона і Ірыны Лужынскіх, Казіміра і Яніны Пашкоўскіх, Валерыя і Святланы Шэўчыкаў, Яўгена і Алы Радынаў і многіх іншых.

…Плады на дрэвах ападуць. Яны недаўгавечныя. А вось  плады руплівай людской працы будуць існаваць на зямлі доўга і прыемна ўражваць прахожых. Дбайны гаспадар, усё роўна як добры садоўнік, заўсёды ўмела прышчэпіць у сэрцы іншых людзей атожылак прыгажосці, добрага настрою, бо кветкі ў палісадніку і дагледжаныя дамы заўсёды дораць пазітыўную энергію.

Пышныя вяргіні і гваздзікі нібы здароўкаюцца з табой, лёгка ківаючы галоўкамі пад подыхам ветру. І ў адказ ім таксама хочацца светла ўсміхнуцца ў падзяку за добры настрой.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий