Лаўры славы рэспубліканскай

Общество

Другое месца ў рэспубліканскім конкурсе паштовых работнікаў заняла Т. Грыбоўская з Забрэззя.

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства начальнікаў гарадскіх і сельскіх аддзяленняў сувязі праводзіцца РУП “Белпошта” не першы год. На пачатку верасня журы выбірала лепшых з лепшых у паштовай галіне краіны ўжо ў шаснаццаты раз. Навіна аб тым, што наша зямлячка, начальнік аддзялення сувязі «Забрэззе» Таццяна Грыбоўская заняла другое месца ў асабістым заліку сярод сельскіх АПС Беларусі, прыемна ўзрадавала.

Па традыцыі конкурс адбываецца ў тры этапы. У першым туры, на раённым узроўні, выпрабаванне праходзяць усе начальнікі аддзяленняў сувязі. Двое лепшых працягваюць спаборнічаць на абласным этапе, дзе вызначаюцца ўладальнікі трох першых месцаў. Менавіта прызёры абласных спаборніцтваў з усёй краіны сустракаюцца ў фінале конкурсу, дзе і выбіраюць лепшых.

Што ж быў павінен прадэманстраваць прэтэндэнт, каб даказаць свае прафесійныя здольнасці? Як расказала “Працоўнай славе” Таццяна Валер’еўна, ёй давялося прымаць справаздачы ад паштальёнаў і аператараў, атрымліваць пошту, выяўляць магчымыя парушэнні ў афармленні, праводзіць плацяжы і нават дэманстраваць творчыя здольнасці, ствараючы рэкламныя слоганы. Менавіта добра выкананыя пяць складаных прафесійных заданняў, на якія была адведзена палова гадзіны, і прывялі гаспадыню Забрэзскай пошты на другую прыступку п’едэстала.

Т. В. Грыбоўская працуе ў паштовай сферы ўжо амаль дваццаць гадоў. Сем гадоў таму яна ўзначаліла паштовае аддзяленне ў родным Забрэззі. Сёння пад яе апекай – восем вёсак і амаль пяцьсот чалавек, якія атрымліваюць газеты і часопісы, абменьваюцца пісьмамі і пасылкамі, робяць на пошце неабходныя плацяжы.

Колькасць перыядычных выданняў, якія дастаўляе падпісчыкам Забрэзскае АПС, складае каля 350 экзэмпляраў. Амаль трэцяя частка з іх – раённая газета.

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий