Бацькоўская сцяжынка самая верная

Официально

Часам жыццё ставіць перад чалавекам няпростыя задачы, прымушае сутыкнуцца з праблемамі, якія могуць падацца невырашальнымі. Хтосьці надломліваецца, адступае. Але знаходзяцца моцныя асобы, якія, нягледзячы ні на што, працягваюць рухацца наперад, стойка прымаюць выклік лёсу, пераадольваюць складанасці. Менавіта аб такіх людзях пішуць кнігі, здымаюць кінакарціны, расказваюць на школьных уроках дзецям.

Арцёму Цыганкову васямнаццаць гадоў. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна скончыў ён дзевяць класаў Сугваздаўскай школы, паступіў у Валожынскі сельскагаспадарчы ліцэй.

Вучоба – таксама праца, але ж працаваць хлопец быў прывучаны з дзяцінства. Таму і гады ў ліцэі мінулі хутка, падараваўшы і новыя веды, і спецыяльнасць – Арцём справядліва ганарыцца сваімі новымі вадзіцельскімі правамі. Умее кіраваць матацыклам, легкавымі і грузавымі машынамі, трактарам. Вучоба давалася лёгка, і гэта невыпадкова – з дзяцінства меў хлапец цягу да тэхнікі. Яшчэ падлеткам мог літаральна за гадзіну-другую цалкам разабраць і сабраць свой першы транспарт – мапед.

У чэрвені гэтага года Арцём Цыганкоў атрымаў дыплом і прыйшоў працаваць механізатарам у КСУП “Сугвазды-Агра”. Аб тым, што новы вадзіцель умее працаваць не горш за старэйшых таварышаў, тут ведалі не па чутках. Менавіта ў роднай гаспадарцы праходзіла практыка, падчас якой будучаму трактарысту, шафёру і слесару давялося прыняць удзел у сяўбе буракоў і кукурузы. Тады ж атрымаў і свой першы заробак – больш за пяць мільёнаў рублёў.

“Які явар, такі клін, які бацька, такі сын” – гаворыць старая прымаўка. Менавіта ад бацькі пераняў Арцём і працавітасць, і цікавасць да тэхнікі. Амаль усё сваё жыццё Аляксандр Віктаравіч Цыганкоў аддаў сугваздаўскаму сельгаспрадпрыемству, працуючы вадзіцелем пагрузчыка. Але ж не кожнаму наканавана доўгае жыццё – паўтара года таму раптоўна спынілася яго сэрца, зрабіўшы шаснаццацігадовага сына гаспадаром двара. А працаваць Арцёму ў вёсцы прыходзіцца многа.

Яшчэ калі двайнятам Арцёму і Крысціне не споўнілася і года, бацькі пераехалі ў новы двухпавярховы калгасны катэдж. З часам вырасла гаспадарка. Калі сям’я асірацела, увесь цяжар догляду за домам, жывёлай, бульбянымі палеткамі і пасевамі зерня лёг на плечы маці – Тамары Яўгенаўны і ліцэіста-сына. Дачка тады ўжо вучылася ў Маладзечанскім гандлёва-эканамічным каледжы, часта наведвацца дадому не магла. Але ж выпрабаванне аказалася па сілах. Хатняя гаспадарка не толькі не звялася, але нават прырасла. Вялікую дапамогу сям’і аказала ў цяжкія часы кіраўніцтва КСУП “Сугвазды-Агра”. Бясплатна выдзялялі тэхніку для апрацоўкі зямлі, забяспечвалі падворак сенам. Сёння ў Цыганковых гадуюцца некалькі парсюкоў, бычок, чарада курэй. Знаходзіцца дастаткова энтузіязму, каб дагледзець і гектар зямлі, на якім вырошчваецца бульба, штогод наліваюцца зернем каласы трыцікале.

Тамара Яўгенаўна Цыганкова па адукацыі педагог, скончыла Гомельскае педагагічнае вучылішча. Апошнія дзевяць гадоў працуе кладаўшчыком. Сёння яе вочы свецяцца радасцю за сына. Маецца і падстава – Арцёму даверылі сучасны пагрузчык “Амкадор”, на якім калісьці працаваў бацька. Не падводзіць і дачка, якая ўжо некалькі месяцаў працуе ў адным з маладзечанскіх гіпермаркетаў і лічыцца ўзорным работнікам.

Прыгожая зялёная машына выпісвае зграбны манеўр і спыняецца, малады вадзіцель Арцём Цыганкоў лёгка саскоквае на зямлю з кабіны пагрузчыка. Пстрыкае затвор карэспандэнцкага фотаапарата, хлопец сціпла адказвае на журналісцкія пытанні. Хочацца верыць, што гэты прыгожы, хаця і не па гадах сур’ёзны малады чалавек знойдзе свой шлях у жыцці. Удачы табе, Арцём!

Андрэй ЗАХАРАНКА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *