Асамблея ААН у канцы 1990 года пастанавіла лічыць 1 кастрычніка Міжнародным днём пажылых людзей. У выступленні Генеральнага сакратара ААН гаворыцца, што толькі агульнымі намаганнямі можна дабіцца таго, каб людзі планеты не толькі жылі больш працягла, але і жыццё іх было якасным, разнастайным, прыносіла задавальненне.
Гэты дзень традыцыйна адзначаецца не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Азербайджане, Малдове, Латвіі, ва Украіне.
У Валожынскім раёне па стане на 1.08 бягучага года пражывалі 12 тысяч 207 пенсіянераў. Сярод гэтай катэгорыі насельніцтва пераважаюць прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва. Іх сёння на заслужаным адпачынку 8 тысяч 281. Неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыяй, больш познім узроставым парогам выхаду на пенсію, устаноўленым для мужчын, відаць, і можна растлумачыць наступны статыстычны паказчык. Мужчын сярод пенсіянераў значна менш. У нашым раёне іх 3 тысячы 926.
Айчынная пенсійная сістэма скіравана на тое, каб і ў цяперашніх няпростых эканамічных і дэмаграфічных умовах забяспечыць адносна высокі ўзровень дабрабыту пенсіянераў.
У прыватнасці, у нашым раёне сярэдні памер працоўнай пенсіі складае 1 531 900 рублёў. Зразумела, што работнікі са стабільнай заработнай платай – самы надзейны суб’ект фінансавага забеспячэння грамадзян, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Па стане на 1.08 расходная частка пенсійнага фонду ў нашым раёне перавышае 18 мільярдаў 699 мільёнаў рублёў у месяц.
Да друку падрыхтавала
Ірына ПАШКЕВІЧ.