РАЗАМ І МОРА ПА КАЛЕНА

Культура

Былы марак Л. П. ЛЯЙКО 50 гадоў таму стаў для сваёй жонкі верным спадарожнікам.

Гаспадыня дома Яніна Мікалаеўна Ляйко ў напрацаваных мускулістых руках не без гонару трымае вялікі медаль. Ён імітуе золата. Жоўтым бляскам прыцягвае ўвагу. Калі меркаваць толькі па матэрыялу, з якога зроблены, гэта, вядома ж, яўная падробка, а па вартасці і прызначэнні – бясспрэчная праўда. Гэту ўзнагароду па заказе дзяцей спецыяльна выплавілі на адным з мінскіх заводаў. Так была ўвекавечана знамянальная сямейная падзея. Сёлета Яніна Мікалаеўна і Леанід Пятровіч адзначылі паўвекавы юбілей сумеснага жыцця.

Былі застолле, госці, падарункі, віншаванні. Быў, зразумела, і лёгкі сум, што імклівае жыццё праплыло светлым воблакам і схавалася за небакрай. Не вярнуць таго, што было, не паўтарыць, не пераправіць. Былі і сонечныя дні ў іх жыцці, яны, безумоўна, пераважалі, былі і калючыя, халодныя дажджынкі…

Над бясконцым морам жыцця белай чайкай ляцяць успаміны. Прыгадваецца, як Яніна прыйшла да сваёй сяброўкі-школьніцы пазычыць вучэбны дапаможнік. І пакуль яны сядзелі і дружна размаўлялі, дзверы ў хату шырока расчыніліся, на парозе з’явіўся хлопец-прыгажун – брат аднакласніцы. Леанід вярнуўся са службы ў Савецкай Арміі. «Бескозырка белая, в полоску воротник… Ленты за плечами, как флаги за кормой». І цяпер тагачасны здымак бравага марака вісіць над ложкам у жылым пакоі.

Сэрца ў Яніны ёкнула. Такі жаніх у той час на вёсцы быў марай многіх патэнцыяльных нявест. Амаль пяць гадоў доўжылася сяброўства паміж Леанідам і Янінай. 1 мая распісаліся ў сельсавеце. І разышліся  кожны па сваіх хатах. А назаўтра згулялі сціплае вяселле.

Дзве дачкі, якія нарадзіліся пазней, яшчэ мацней змацавалі дзве палавінкі лёсу гэтых людзей. І муж, і жонка працавалі ў сельскай гаспадарцы. Яна – начальнікам жывёлагадоўчага комплексу ў Сярэднім Сяле тагачаснага калгаса “Чырвоны сцяг” (цяпер ААТ “Доры”), ён – вадзіцелем.

Яніна Мікалаеўна скончыла Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут. Набыла заатэхнічную спецыяльнасць. Маці гадавала дачку адна. Яна ведала, што самая цяжкая праца ў сельскай гаспадарцы. Таму сваёй Яніне заўсёды хацела лепшай долі. Вучылася дачка няблага. У Гродзенскім педінстытуце на фізмаце працаваў выкладчыкам сваяк. Безумоўна, ён мог пасадзейнічаць у паступленні Яніны ў педінстытут, куды дачку сілком  і выправадзіла маці. Але дзяўчына не любіла матэматыку. Таму на ўступным экзамене прасядзела адведзены час свядома не рашыўшы ніводнай задачкі. Калі маці даведалася пра гэты інцыдэнт, дачцэ дома дасталося “па поўнай праграме.” Ад  рэзкіх матчыных ушчуванняў Яніна горка заплакала. Выбегла на вуліцу. Пастаяла ў роздуме некалькі хвінін і імкліва падалася  дарогай “пад горачку”. Там віднелася жывёлагадоўчая ферма. Маці наўздагон пагрозліва крыкнула: “Вярніся дадому!”. Яна, вядома ж, чула гэтыя патрабавальныя словы, але ўсё роўна ішла наперад.

Неўзабаве прынялі вучаніцай-даяркай. А пазней выдзелілі і самастойны “фронт работ”. Прыйшлося ўручную даіць шаснаццаць кароў. Нагрузка – словамі не перадаць. Так пачалося яе працоўнае жыццё. Але і цяга да вучобы не прапала бясследна. Яніна ў рэшце рэшт завочна скончыла сельскагаспадарчую ВНУ. Працавала галоўным заатэхнікам. Гэта частка яе жыцця звязана з Карэліцкім раёнам, што на Гродзеншчыне. У Я. М. Ляйко моцны характар, зайздросная стараннасць, добрыя арганізатарскія здольнасці. Прафесіянальныя якасці заатэхніка высока цанілі ў гаспадарцы.

У васьмідзясятыя гады яе аднакашнік узначальваў калгас на Валожыншчыне. Аднойчы прыехаў у Карэліцкі раён разам з двума саслужыўцамі. Калі завіталі госці, Яніна ў той момант у падворку рыхтавала корм жывёле. Госці чамусьці аказаліся занадта паслужлівыя. Тут жа ўзялі вёдры і панеслі ў хлеў. “З чаго б гэта такая ўвага?!”– падумала Яніна. Аказалася, што падазравала яна нездарма: прыехалі ўгаварыць перабрацца на Валожыншчыну. Яна доўга “аднеквалася”. Але ўсё ж вырашыла з’ездзіць “у разведку”. Для яе спецыяльна наладзілі экскурсію па калгасе. Даехалі да Слабады, адкуль здаля паказалі на жывёлагадоўчы комплекс у Сярэднім Сяле. Сказалі, што туды не павязуць, бо дарога рамантуецца. Расхвалілі комплекс так, што аж зайздрасць узяла. Калі ж яна перабралася ў Доры, прыйшла на комплекс, то ў параўнанні з гродзенскай базай, ён падаўся звычайнай фермай. Аднак назад дарогі ўжо не было.

У 45 гадоў на новым месцы прыйшлося пачынаць усё наноў. Няпроста было прывыкаць да чужых мясцін, да чужых людзей. Але яна тады менш за ўсё думала пра свой псіхалагічны камфорт.

Шчыра працавалі разам з мужам аж да пенсіі. Выгадавалі дзвюх дачок. Яны звязалі свой лёс з медыцынай. Жывуць у Мінску.

Я. М. і Л. П. Ляйко з вёскі Доры – сапраўдныя гаспадары. Почырк іх выключнага старання ўгадваецца адразу, ледзь ступіш на тэрыторыю сядзібы. Вока лашчаць выключныя парадак, чысціня. Новая лазенька з лесу-кругляка, пакрытая спецыяльнай фарбай, прыцягвае ўвагу. А гаспадыня жаліцца, што, відаць, паспяшыла яна, калі згадзілася знесці стары хлеў і паставіць лазню. Было б па-ранейшаму, магчыма, яшчэ і цяпер свіней, а то і кароўку трымалі б.

“А хто ж у доме гаспадар?”– цікавімся ў нашай жвавай, ахвочай да размовы, субяседніцы. Яна нам бойка адказвае: “Усім запраўляю я. Але апошняе слова ўсё ж за ім” – памяркоўна ківае яна на мужа. Той хітра ўсміхаецца сваімі глыбокімі вачыма. Валасы на галаве Леаніда Пятровіча сталі ўжо сівыя, нібы пена на грэбні высокай марской хвалі. Былы марак добра ведае, што калі жанчына на караблі, – гэта, калі верыць у розныя прымхі, да няшчасця, а вось на сямейным караблі, без такога ўвішнага капітана, як яго любая жонка, ніяк не абысціся. Леанід Пятровіч дапамагае жонцы ва ўсім, падтрымлівае яе, падзяляе яе інтарэсы. Калі, здараецца, пасварацца, тут жа і памірацца.

Па моры жыцця яны плывуць у адной лодцы. А калі і ўзнікае якая-небудзь праблема, то на трывожныя хвалі тут жа спускаецца выратавальны круг дапамогі і ўзаемнай падтрымкі.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий