БУДУ АСТРАНОМАМ!

Молодежный курьер

Дзіму БУЦЕНЮ з вёскі Ракаў толькі пяць гадоў, але ў энцыклапедычных ведах ён можа даць фору нават некаторым дарослым.

– Дзіма, прывітанне! Мне сказалі, што ты вельмі эрудзіраваны. Гэта праўда?

– Дарослыя заўсёды ўсё перабольшваюць. Я звычайны хлопчык. Ведаеце, нядаўна адкрыў для сябе важную рэч: нельга злавацца па дробязях. Вось наш сабака Цішка не змаўкаючы брахаў-брахаў на варону і ахрып…

– А сам ты – паслухмяны? Ні з кім не сварышся?

– У мяне на сваркі часу няма. Я кніжкі чытаю. Па энцыклапедыі зараз вывучаю будову зямной кары. А вы ведаеце, што Зямля ды і ўвесь Сусвет утварыліся ў выніку вялікага выбуху? Дык вось, спачатку быў камяк, усярэдзіне яго ўсё пачало награвацца, сціскацца і – выбух! Так з’явіліся Сонца, планеты і мільёны зорак, у тым ліку і хвастатыя.

– Што такое хвастатыя зоркі?

– Яны падобныя на каметы і свецяцца, як ліхтарыкі.

Прачытаў, што ўсе планеты круцяцца вакол Сонца. У нашай Зямлі ёсць спадарожнік – Месяц, а ў Сатурна ёсць кольцы, Юпітэр – самая вялікая планета сонечнай сістэмы.

Яшчэ я вельмі люблю кнігу “Аловак і Самаробкін”. Аловак – гэта мастак, у якога замест носа – аловак. У мастака ёсць чарадзейныя фарбы: намалюеш імі што-небудзь – і яно ажывае. А Самаробкін усё на свеце можа адрамантаваць: раз-два – і гатова.

– Дзіма, раскажы, калі ласка, пра сваю сям’ю.

– Я жыву на вуліцы Сонечнай. У нашым доме два паверхі. Ёсць у мяне сястрычка Анютка, ёй два гадкі. Мама Света пакуль што хатняя гаспадыня. Па адукацыі яна настаўнік. Тата, Андрэй Віктаравіч, працуе ў Акадэміі навук у горадзе Мінску. Ён вельмі разумны, добра размаўляе па-англійску. Мама сказала, што ён вучоны-фізік. Мама хоць і дарослая, але не ведае таго, што тата ведае.

– Калі вырасцеш, таксама будзеш вучоным?

– Я хачу стаць астраномам, які глядзіць у тэлескоп на зоркі. Тэлескоп – гэта такая вялікая падзорная труба. Яна ёсць у таты на працы.

– Гуляць у што-небудзь любіш ці толькі кніжкі чытаеш?

– Гуляю з татам у хованкі. А яшчэ мне тата часта расказвае што-небудзь цікавае. Нядаўна растлумачыў, што такое карбюратар. Гэта такая прылада, якая правільна змешвае бензін з паветрам, інакш з машыны будзе выходзіць не дым, а агонь.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий