КАБ ХВАРОБЫ МІНАВАЛІ…

Официально

…Толькі ў дзяцінстве можна шчыра дзівіцца свайму гіганцкаму ценю і гуляць з ім у даганялкі. А можна сесці на цацачны матацыкл і адправіцца ў далёкія краіны. Можна скакаць па лужах, пускаць сонечных зайчыкаў, збіраць букеты з жоўтага лісця. А калі ідзе дождж, цвёрда верыць: з неба хтосьці клапатлівы палівае зямлю з казачнай палівачкі. А можа быць, на аблоках распачалі вялікае мыццё?

Дзяцінства павінна быць яркім! Тады яго ніколі не забудзеш. Але шчаслівае дзяцінства – гэта, першым чынам, здаровае дзяцінства.

Сугваздаўскі дзіцячы сад “Светлячок” наведваюць 14 дашкольнікаў. Тут увайшло ў практыку аздараўленне выхаванцаў у санаторыі “Надзея” Вілейскага раёна. Адпачынак для дзяцей і іх мам арганізоўваецца бясплатна. Кошт пуцёвак аплачвае працоўнае дабрачыннае таварыства з Германіі “Жыццё пасля Чарнобыля”. Гэтыя неабыякавыя людзі супрацоўнічаюць з многімі ўстановамі адукацыі нашага раёна, аказваючы ім матэрыяльную, фінансавую дапамогу.

Сёлета летам дзіцячаму садку таксама былі прадастаўлены пуцёўкі для ўсіх дзяцей на аздараўленне ў санаторыі. Аднак пажадалі імі скарыстацца толькі сем сем’яў. І аб гэтым не пашкадавалі. Дванаццаць дзён аздараўленчых працэдур і лячэбнае сасновае паветра ўмацавалі здароўе маленькіх непасед і іх мам.

Алена ПАШКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий