ЗНАЙСЦІ СЯМЕЙНЫ ПРЫЧАЛ

Общество

Старасць – гэта ўзрост, які ўжо на псіхалагічным узроўні выклікае ў чалавека зразумелы неспакой. А тым больш у таго, хто застаўся ў хаце, кватэры зусім адзін.

Сацыяльная служба, якой бы развітай яна не была, не можа вырашыць усіх шматлікіх праблем, зрабіць глыбокую старасць чалавека бесклапотнай парой. Таму не выпадкова, што разам з дзяржаўнай апекай і падтрымкай такой катэгорыі насельніцтва, за справу смела бяруцца і прыватнікі.

Альтэрнатыўны варыянт сацыяльнай дапамогі старым людзям у недалёкай перспектыве зможа рэалізавацца і ў нашым раёне.

…Сёлета першы раз за апошнія гады вераснёўскім ранкам не празвінеў званок у Вайганаўскай школе. Віной таму неспрыяльная дэмаграфічная сітуацыя ў сельскай мясцовасці. Многія школы ў апошнія гады з-за нешматлікай камплектацыі вучняў пачалі закрывацца, а цэнтральныя ўзбуйняцца ў выніку дадатковага прытоку дзяцей. Цешыць сэрца, што дыхтоўны двухпавярховы будынак Вайганаўскай навучальнай установы не будзе пуставаць. Але ён кардынальна зменіць сваё ранейшае прызначэнне. Ініцыятыву ў свае рукі ўзяла  Алена Дубовік – дырэктар ПУП па аказанні паслуг “Сямейны прычал” з Маладзечна. На базе колішняй школы яна плануе абсталяваць дом для састарэлых людзей і прадастаўляць ім поўны комплекс сацыяльных паслуг.

Згодна з рашэннем райвыканкама прыватнае ўнітарнае прадпрыемства атрымала права на арэнду пустуючага памяшкання. Цяпер тут вядуцца рамонтныя работы, каб пераабсталяваць будынак згодна з яго новым прызначэннем. Агульная плошча былой школы даволі вялікая – 1095,2 квадратнага метра, таму, як кажуць, ёсць дзе разгарнуцца…

Сёння толькі на тэрыторыі Багданаўскага сельсавета пражывае 498 чалавек пенсійнага ўзросту, сярод іх – 33 адзінокія. Гэта песімістычная дэмаграфічная карціна ўласціва многім рэгіёнам. Таму не выпадкова, што да стварэння такога сацыяльнага прытулку падштурхоўвае само жыццё. Можна быць упэўненым, што дом на вуліцы Садовай у Вайганах і сапраўды праз нейкі час стане надзейным прыстанкам не толькі для адзінокіх старых Багданаўскага сельсавета,  жыхароў гэтай катэгорыі насельніцтва з Валожынскага раёна, але і з суседніх Маладзечанскага, Ашмянскага, Іўеўскага.

Магчыма, ініцыятыва, якая актыўна рэалізуецца на тэрыторыі Багданаўскага сельсавета, і сапраўды пусціць глыбокія карані, а старасць адзінокіх людзей набудзе новыя светлыя грані.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий