ЗНАЙСЦІ СВАЁ МЕСЦА

Общество

Рынак працы досыць зменлівы. Найбольшы наплыў кваліфікаваных спецыялістаў штогод назіраецца ў летнія месяцы. Пасля заканчэння ВНУ, сярэдніх спецыяльных устаноў у раён прыязджаюць дыпламаваныя кадры.

У гэты перыяд многія грамадзяне, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, ідуць на заслужаны адпачынак, а ў працоўныя калектывы ўліваюцца новыя сілы.

Летам звычайна становіцца менш і рабочых вакансій. Бо ўчарашнія выпускнікі школ, якія не вытрымалі іспытаў і не сталі студэнтамі і навучэнцамі ССУ, шукаюць прымяненне сваім сілам на розных прадпрыемствах, у арганізацыях і ўстановах. Сёлета ці праз год многія з іх становяцца студэнтамі-завочнікамі.

Але ў пошуках працы часам аказваюцца не толькі людзі маладога ўзросту, якія яшчэ не вызначыліся са сваім прафесіянальным выбарам, а і сталыя  жыхары раёна. Бо ў некаторых з іх скончыліся тэрміны дзеяння кантрактаў, а наймальнікі далейшыя працоўныя адносіны вырашылі не прадаўжаць. Ёсць жыхары раёна, якія звольніліся з працы па ўласнай волі, але, на жаль, і лепшага варыянту працаўладкавання пакуль не знайшлі. Ёсць і асобы, якія аказаліся незанятымі па той прычыне, што іх выканальніцкая дысцыпліна не адпавядае строгім правілам унутранага распарадку. Здараюцца прагулы, злоўжыванне спіртным, а таму і вытворчыя нормы не выконваюцца. У рэшце рэшт усе гэтыя прычыны і прыводзяць за звальнення…

У аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на афіцыйным уліку стаяць 42 чалавекі. Па самых розных прычынах яны аказаліся без асноўнага занятку, які прыносіў бы стабільны грашовы даход. Сярод іх жанчын больш за 50 працэнтаў.

Той, хто не заняты грамадска-карыснай працай і звольнены па ўважлівых прычынах, штомесяц атрымлівае дзяржаўную фінансавую дапамогу ў памеры двух базавых велічынь. Звольненыя ж “па артыкуле” грамадзяне не маюць права карыстацца такой сацыяльнай гарантыяй.

У ліку беспрацоўных раёна і некаторыя жанчыны, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем ва ўзросце да трох гадоў. Як правіла, гэта выхадцы з Валожынскага раёна – былыя супрацоўніцы сталічных прыватных фірмаў, прадпрыемстваў.

“Прафесіянальны зрэз” беспрацоўных раёна таксама досыць пярэсты. Гэта бухгалтары, эканамісты, інспектары па кадрах, качагары і інш.

Згодна з рашэннем райвыканкама для беспрацоўных устаноўлены штомесячныя нормы абавязковай адпрацоўкі. Напрыклад, у кастрычніку на грамадскіх работах у абавязковым парадку трэба правесці 7 дзён, у лістападзе столькі ж, а ў снежні бягучага года толькі тры дні. Многія гэту абавязковую норму дзён забяспечваюць па месцы жыхарства. А некаторым гараджанам раённая служба занятасці знайшла прымяненне ў сельскай гаспадарцы. У восеньскую пару многія беспрацоўныя ўдзельнічаюць ва ўборцы бульбы на сельгаспрадпрыемствах, а летам у час жніва былі заняты на зернетаках і іншых вытворчых участках.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий