Сівагракі прыносяць удачу…

Культура

Масцовасць Вялае на Іслачы, у старажытнай Налібоцкай пушчы, некалі ўласнасць графоў Тышкевічаў – заслужанае месца ў гісторыі нашай культуры, няхай сёння закінутае і занядбанае.
Тут у 1890-ых гадах граф Бенядзікт Тышкевіч, піянер фатаграфіі ў нашай краіне, меў сваю фоталабараторыю, здымкі з якой, выпадкова знойдзеныя ў Парыжы, зусім нядаўна паспяхова экспанаваліся ў Нацыянальным гістарычным музеі.
Іншай славутасцю Вялаўскага маёнтка быў вялікі прыватны запаведнік, дзе трымалі даніэляў (ланяў) і ўласным коштам графа-дзівака аднаўлялі папуляцыю баброў, задоўга да арганізацыі Бярэзінскага запаведніка. Значэнне Вялаўскага запаведніка было настолькі вялікае, што яго напачатку прызнала і савецкая ўлада, пакінуўшы тэрыторыі запаведны статус і спрабуючы захаваць графскую інфраструктуру, усе “ноў-хаў”. Аднак калектывізацыя, змаганне з “чужародным” сацыяльным элементам, культурная рэвалюцыя кепска стасаваліся з утрыманнем рэлікта графскай культуры, і ў 1951 годзе запаведнік быў ліквідаваны. Прыйшлі ў заняпад і графскія муры, нават славутыя тышкевічаўскія бульбяныя калдуны – і тыя былі прынцыпова адрынутыя нашым немудрагелістым “грамхарчам”.
Сёння ў гэтых маляўнічых мясцінах пануюць бязлюддзе і цішыня, якую парушаюць толькі галасы птушак. Актывісты ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” супольна з экамузеем, які ствараецца на базе аграсядзібы “Марцінова Гусь”, правялі акцыю па ахове ўсё больш рэдкага ў нашы дні сіваграка. У векавой графскай дуброве развесілі зробленыя школьнікамі Валожынскага раёна штучныя гнёзды для гэтай прыгожай сіняй птушкі.
Няхай сівагракі, якія ў апошнія гады апынуліся пад пагрозай знікнення, хутчэй вяртаюцца ў запаведныя мясціны! І, можа быць, прыносяць удачу, вяртаюць былую славу гэтаму кутку радзімы…

Алесь БЕЛЫ,
гісторык, журналістз Мінска.



Добавить комментарий