Общество

Раённая арганізацыя ГА “Беларускі саюз жанчын”, якую ўзначальвае Зоя Мікалаеўна Дубіна, умацоўвае свой аўтарытэт добрымі справамі. З нагоды правядзення Тыдня маці названая арганізацыя выступіла ініцыятарам розных цікавых мерапрыемстваў. Гэта і правядзенне “круглага стала”, святочныя прыёмы маці ў працоўных калектывах, багацее і скарбонка дабрачынных акцый. Па ініцыятыве БСЖ жанчыны-кіраўнікі вырашылі дапамагчы ў зборы грашовых сродкаў для лячэння сямігадовага Уладзіслава Радкевіча, якому патрэбны дарагі слыхавы імплантант. На транзітны банкаўскі рахунак будуць пералічаны 5 мільёнаў рублёў добраахвотных ахвяраванняў.

 

Подзвіг мацярынства ўславяць сёння ў Івянцы на ініцыіраваным гарпасвыканкамам мерапрыемстве, якое пройдзе ў мясцовым Доме культуры. На сцэну пад апладысменты прысутных падымецца самая сталая шматдзетная маці гарадскога пасёлка: Леакадзія Ігнацьеўна Жашкевіч вывела ў людзі дзевяць дзяцей. Не менш хвалюючым і запамінальным стане гэта свята і для Вольгі Мікалаеўны Шакаль, у сям’і якой гадуюцца пяцёра дзетак.

Спіс шаноўных удзельніц свята ўнушальны. Праграмай мерапрыемства прадугледжана і ўзнагароджанне прадстаўніц жаночага кіраўніцкага корпусу гарпасёлка. Пра дастойныя падарункі паклапаціўся спонсар – нядаўна адкрытае ў Івянцы прадпрыемства “Арм-Хауз”.

 

У нашым раёне пражываюць 380 шматдзетных сямей, у якіх выхоўваюцца 1268 дзяцей: 282 сям’і маюць па трое дзяцей, 74 сям’і – па чацвёра, 18 – па пяцёра і 6 – па шасцёра дзяцей. Найбольшая колькасць шматдзетных сямей – у райцэнтры (63), Ракаўскім сельсавеце (62) і Івянцы (53).

68 шматдзетных матуль, якія нарадзілі і выхавалі пяцёра і болей дзяцей, ужо ўзнагароджаны ордэнам Маці, 6 з іх пражываюць у Валожыне. У мінулым годзе гэтай узнагароды былі ўдастоены А. М. Паверанная з Ракава, В. І. Яблонская з Сугваздаў, Л. Р. Хлапук з Бабровічаў і Н. І. Шкарампота з Суднікаў.

 

На гэтым тыдні жанчыны, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, а таксама дзяцей-інвалідаў, былі запрошаны на культурна-інфармацыйнае мерапрыемства “Рукамі маці зямля сагрэтая”, якое адбылося ў Суднікаўскім сельскім клубе. Праведзена дабрачынная акцыя ў Пяршайскай бальніцы сястрынскага догляду. Арганізацыйны камітэт Тыдня маці паклапаціўся і пра віншаванне жанчын, якія ў гэтыя дні ў роддоме дачакаліся папаўнення ў сваіх сем’ях. Аказаны знакі ўвагі і жанчынам, чые сыны дастойна служаць ва Узброеных Сілах. У багатай святочнай палітры мерапрыемстваў былі і канцэрты-віншаванні, сустрэчы ў працоўных калектывах і інш.




Добавить комментарий