АФІЦЭРЫ СВЯТКАВАЛІ ЮБІЛЕЙ

Официально

Беларускі саюз афіцэраў адзначыў сваё 20-годдзе. Гэтай падзеі і быў прысвечаны ўрачысты сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання.

Напрыканцы мінулага тыдня ў раённым Цэнтры культуры сабраліся актывісты раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, ганаровыя госці. Да ветэранаў Узброеных Сіл, ваеннаслужачых з віншавальным словам напачатку мерапрыемства звярнуўся старшыня арганізацыі Мікалай Іванавіч Корж.

Ён адзначыў, што за параўнальна непрацяглы час арганізацыя набыла вялікі аўтарытэт, стала значнай і ўплывовай, пажадаў далейшых поспехаў у дзейнасці. Урачыстым і велічным выдаўся момант, калі ўшаноўвалі памяць былога старшыні РА ГА “БСА”, палкоўніка ў адстаўцы В. Ф. Дунаеўскага. Па хадайніцтву Савета райарганізацыі Рэспубліканскі Савет грамадскага аб’яднання за вялікі ўклад у стварэнне і станаўленне БСА, актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці і рабоце па захаванні і прымнажэнні традыцый воінскага братэрства прысвоіў палкоўніку В. Ф. Дунаеўскаму званне “Ганаровы член грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў” з уручэннем спецыяльнага ганаровага знака і залічэннем навечна ў спісы Мінскай абласной арганізацыі “БСА”. Пад апладысменты пасведчанне і знак Мікалай Іванавіч уручыў сыну Валерыя Міхайлавіча, падпалкоўніку Аляксею Дунаеўскаму.

Нагадаў М. І. Корж і гісторыю станаўлення арганізацыі. Зараз у Валожынскую пярвічку ўваходзіць 71 чалавек, а сфера дзейнасці не абмяжоўваецца абаронай законных правоў і інтарэсаў афіцэраў запасу і ў адстаўцы. Аказваецца садзейнічанне паляпшэнню медыцынскага абслугоўвання ветэранаў Узброеных Сіл, асаблівая ўвага ўдзяляецца патрыятычнаму выхаванню падлеткаў і моладзі. Савет арганізацыі ў гэтай рабоце выкарыстоўвае багаты вопыт ваеннаслужачых запасу і ў адстаўцы, дзеючых афіцэраў, узаемадзейнічае з многімі арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі Валожыншчыны. І ў дзень святкавання пранікнёныя словы віншаванняў гучалі ад намесніка старшыні райвыканкама А. В. Бразоўскага, камандзіра воінскай часці 30695 С. В. Галіева, выступіў перад братамі-афіцэрамі таксама старшыня раённага Савета ветэранаў Р. М. Русакевіч. Граматы, Падзячныя лісты атрымалі члены саюза афіцэраў – у грамадстве іх вылучаюць актыўная жыццёвая пазіцыя, жаданне ўнесці свой уклад у развіццё раёна, дзейнасць грамадскай арганізацыі, папоўнілі ў той дзень арганізацыю яшчэ тры чалавекі.

Выдатныя музычныя нумары дарылі ўдзельнікам сходу артысты раённага Цэнтра культуры.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий