Тэлефон міліцыі-102

Закон и порядок

Незаконны груз.

Падчас рэйдавай праверкі супрацоўнікі ДАІ каля вёскі Сакаўшчына спынілі аўтамабіль “Форд”, якім кіраваў дваццацідзевяцігадовы жыхар вёскі Бартэніха Сакаўшчынскага сельсавета, што нідзе не працуе. Агледзеўшы машыну, супрацоўнікі знайшлі больш за дваццаць літраў спіртаўтрымліваючай вадкасці з характэрным пахам самагону. Незаконны груз канфіскаваны, па факце вядзецца праверка.

Аматар чужых грошай

Несанкцыянаванае выкарыстанне чужых банкаўскіх картак працягвае непакоіць органы правапарадку. Гэтым разам крымінальная дзея адбылася ў вёсцы Камень Івянецкага сельсавета. Непрацоўны, раней судзімы каменец завалодаў “электронным кашальком” свайго аднавяскоўца, рабочага СВК “Сівіца”, а таксама і пін-кодам, які даў яму доступ да сродкаў. Праз банкамат зламысніку ўдалося атрымаць амаль што тры з паловай мільёны рублёў, што знаходзіліся на картцы. Пасля завяршэння папярэдняй праверкі Валожынскім аддзяленнем следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

Чалавек пад маскай

Падобная на замежныя баявікі гісторыя адбылася ў вёсцы Чартавічы Сакаўшчынскага сельсавета. Чатыры гадзіны раніцы – не лепшы час, каб хадзіць на госці. Але ж гаспадыня чамусьці адчыніла дзверы на стук звонку. Трапіўшы ў хату, рабаўнік, чый твар быў схаваны пад павязкай, запатрабаваў у занадта гасцінных гаспадароў грошы. У пацвярджэнне сур’ёзнасці намеру ён дастаў кухонны нож і пачаў пагражаць ім. Атрымаўшы больш за дзвесце тысяч рублёў, злачынца знік. Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, сабрала неабходныя звесткі і доказы. Праз некалькі дзён рабаўнік, які аказаўся дваццацігадовым аднавяскоўцам пацярпелых, неаднойчы судзімым, быў затрыманы і змешчаны ў следчы ізалятар.

Дарагая цана няўважлівасці

Бяспечны дарожны рух – гэта ўменне працаваць у камандзе, зважаць не толькі на сябе, але ж і заўсёды бачыць калег па “баранцы”, своечасова паведамляць іншым удзельнікам руху аб плануемых манеўрах. Невыкананне гэтых правіл разам з рассеянасцю рана ці позна прыводзіць да бяды. Пацвердзіў гэта сумны выпадак, які адбыўся непадалёк ад Ракава. Вадзіцель аўтамабіля “Сітраен” паспрабавала абагнаць цэлую чараду спадарожных машын, не заўважыўшы, што першая з іх ужо пачала паварот налева. Адбылося сутыкненне, ў выніку якога пацярпелі пасажыры “Сітраена”, старэйшаму з якіх споўнілася сем гадоў, малодшаму – усяго пяць. Абодва пацярпелыя шпіталізаваны з пераломамі, пашкоджаннямі мяккіх тканін і чэрапна-мазгавымі траўмамі.

Сяброўка?

У шаснаццацігадовай жыхаркі вёскі Дубіна Юрздыцкая, навучэнкі адной са школ горада Валожына, падчас заняткаў у навучальнай установе знік мабільны тэлефон. Маці пацярпелай звярнулася з заявай у міліцыю, тэлефон быў знойдзены і вернуты гаспадыні. Як высветлілі ахоўнікі парадку, скрала сродак сувязі пятнаццацігадовая жыхарка вёскі Брылькі, навучэнка той самай школы. Заведзена крымінальная справа.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтаваў

Андрэй ЗАХАРАНКА.

 



Добавить комментарий