Саламяны цуд

Культура

Можна ўбачыць на выставах і ў звычайных кватэрах
Салома – матэрыял сялянскі. Як і хлеб, салома – дар прыроды і матэрыялізаваны прадукт працы чалавека. Аржаная, пшанічная, ячменная салома здаўна знаходзіла самае шырокае, універсальнае прымяненне ў гаспадарцы, побыце і абрадах земляробаў.
Салома мае своеасаблівыя прыродныя якасці. Лёгкасць, пластычнасць у вільготным стане, чысты залацісты колер з мноствам адценняў, глянцавы бляск, а таксама таннасць і даступнасць матэрыялу абумовілі яго выкарыстанне народамі-земляробамі для пляцення. Нароўні з простымі бытавымі прадметамі, абрадавымі атрыбутамі з саломы стварыліся выразныя мастацкія вырабы, якія не ўступаюць па прыгажосці і дэкаратыўнасці лепшым узорам народнага мастацтва з больш даўгавечных і дарагіх матэрыялаў.
Зерне і салома – старажытнейшыя сімвалы ўрадлівасці ва ўсіх земляробчых народаў. Нашы продкі верылі ў тое, што хлебныя расліны захоўваюць “душу” хлебных палёў. Гэтыя старажытныя аграрныя ўяўленні захаваліся ў земляробчых звычаях, што дайшлі да нашых дзён. Для забеспячэння магічных функцый з саломы выконвалі разнастайныя атрыбуты абрадаў: жніўныя вянкі, снапы-бабкі, барада з апошніх каласоў, фігуркі чалавека, жывёл і птушак, падвясныя “павукі”. У гэтых рытуальных прадметах сяляне ўвасаблялі свае светапоглядныя і рэлігійныя ўяўленні, спадзяванні на ўраджай і дабрабыт сям’і. Саломапляценне ў Беларусі ў асноўным існавала ў форме хатняга промыслу, задавальняючы патрэбнасці сялянскай сям’і. Амаль кожны селянін у беларускай вёсцы мог для сваіх патрэб сплесці саламяны капялюш, розныя гаспадарчыя ёмістасці. Валоданне гэтым рамяством насіла масавы характар аж да сярэдзіны XX стагоддзя.
У некаторых беларускіх школах, вучылішчах, майстэрнях у пачатку ХХ стагоддзя навучалі рамяству саломапляцення. Прадукцыя саматужнікаў была арыентавана ў асноўным на гарадскога спажыўца. У сваіх формах яна часцей за ўсё нагадвала прадметы гарадскога побыту, выкананыя з фарфору, металу і іншых матэрыялаў. З саломы плялі капелюшы, шкатулкі, кошыкі для садавіны, каробачкі, сумачкі для папер, хатнія тапачкі і іншыя рэчы. Саламянымі пляцёнкамі ўпрыгожвалі куфры, кошыкі, выкананыя з лазы. У адрозненне ад сялянскага саматужнае саломапляценне вызначалася больш тонкай работай, стараннасцю апрацоўкі матэрыялаў.
У нашы дні з саломы ствараюць рэчы, якія прызначаны пераважна для гарадскога побыту і нясуць у сабе не столькі утылітарную, колькі эстэтычную функцыю. Прыгажосць і дэкаратыўнасць вызначаюць шкатулкі, вазы, фруктоўніцы і іншыя рэчы. Цікавую сучасную інтэрпрэтацыю атрымала таксама народная традыцыя вырабу з саломы галаўных убораў і біжутэрыі. У дэкаратыўных вянках, каралях, абручах, бранзалетах салома глядзіцца як сапраўдны каштоўны матэрыял. Вялікую папулярнасць набыў выраб дэкаратыўных саламяных кветак.
Сярод вырабаў з саломы сустракаюцца арыгінальныя ўпрыгажэнні аб’ёмна-прасторавага характару, якія падвешваліся на покуці да бэлькі, звычайна да калядных ці велікодных свят. Называлі такія вырабы павукамі. Іх не плялі, а збіралі з саломінак. Зараз яны ўпрыгожваюць прасторы выставак, розных інтэр’ераў. Салома выкарыстоўвалася і для вырабу бытавых рэчаў: посуду, галаўных убораў, пчаліных вулляў, розных матаў і цыновак. Саломапляценне развівалася ў рамках хатняй вытворчасці.
Таксама ў славян існаваў яшчэ адзін арыгінальны від саломапляцення – пластычная творчасць. У гэтай тэхніцы выраблялі дажыначныя вянкі, саламяныя чучалы, саламяных “баб”. Таксама пластычная творчасць звязвалася і з вясельнымі абрадамі, увасабляючы і сімвалізуючы будучы дабрабыт і шматдзетнасць сям’і. Саламяныя лялькі “маладой” і “маладога” выраблялі ў тых дамах, дзе былі маладыя сем’і. Нярэдка такія лялькі ператвараліся ў дзіцячыя цацкі.
Гаспадарчы посуд – асноўны від прадукцыі майстроў-саломапляцельшчыкаў. Напрыклад, сявенька (сяўня, сявок) – пасудзіна авальнай формы, выраблялася з саломы з лазой, выкарыстоўвалася пры сяўбе ўручную. Кораб – пасудзіна прамавугольнай ці круглай формы, прызначаўся для пераносу прадуктаў, захоўвання зерня, збору грыбоў і ягад, мера сыпкіх рэчываў. Каробка – выраб для захоўвання адзення, даматканага палатна, каштоўных рэчаў. Кашы служылі для параносу бульбы, мякіны, збору ягад, грыбоў. У шкатулках – жанчыны захоўвалі ўпрыгажэнні. Капелюшы – галаўны ўбор як для мужчыны, так і для жанчыны. Прадметы утылітарнага прызначэння – напрыклад, вазы, канфетніцы, фруктоўніцы і інш.

Вольга КУЛАК, малодшы навуковы супрацоўнік раённага музея.



Добавить комментарий