ПЕРАМАГАЛІ САМЫЯ МАЛЕНЬКІЯ…

Спорт

26 верасня ў Івянцы адбылося адкрытае першынства Валожынскай ДЮСШ АФП па лёгкай атлетыцы сярод самых маленькіх спартсменаў 2003-2004 гадоў нараджэння.

Першае месца ў спаборніцтвах паміж хлопчыкамі заняў трэцякласнік Івянецкай СШ Ілья Андронаў, “серабро” заваяваў яго аднагодак Аляксандр Мойса, а тройку лідараў замкнуў адзін з гасцей спаборніцтваў – Мікіта Ліпніцкі са Стаўбцоўшчыны.

Пераможцай сярод дзяўчынак стала юная івянчанка Ксенія Каласоўская. Другое месца “паехала” ў Цясноўскую школу Стаўбцоўскага раёна разам з яго уладальніцай Юльянай Апрышка. “Бронзавы” медаль дастаўся адной з маленькіх гаспадынь спраборніцтваў Дзіянай Чуйко.

“ЯЗЫЛЬСКАЯ ДЗЯСЯТКА” ВЫЯВІЛА ЛЕПШЫХ

29 верасня ў Старых Дарогах прайшоў XXV Нацыянальны фестываль бегу “Языльская дзясятка”. Каманду нашага раёна прадстаўлялі 23 спартсмены розных узростаў. Па выніках спаборніцтваў заваявалі 6 прызавых месцаў нашы землякі-школьнікі.

Лаўры заслужанай перамогі заваявалі Ксенія Бібік і Павел Бодак. Залатыя фіналісты атрымалі дыпломы, медалі, сувенірную атрыбутыку і грашовыя прызы – па 200 тысяч рублёў кожны. Сярэбранымі прызёрамі сталі Вераніка Карачун, Вольга Шчарбінская і Уладзімір Княжэвіч, трэцяе месца заваяваў Яўген Мойса. Гэтых юнакоў і дзяўчат рыхтавалі да спаборніцтваў трэнеры Валожынскай ДЮСШ АФП А.С. Чарняўскі і А. В. Паталей.

Ва ўзроставай групе старэй за 40 гадоў перамогу святкаваў рабочы СП “Івкан” ААТ Тадэвуш Жалток. А ўжо на наступны дзень наш знакаміты зямляк прыняў удзел у XXVI лёгкаатлетычным прабезе “Залатая восень”, які прайшоў у Маладзечне. На дыстанцыі 20 кіламетраў ён перамог у абсалютным першынстве. Трэба адзначыць і яшчэ адно важкае дасягненне Тадэвуша Бенядзіктавіча. 9 верасня ён удзельнічаў у “Экамарафоне” ў Мінску і стаў лепшым у абсалютным першынстве на дыстанцыі 42 кіламетры 195 метраў.

ТРЭНЕРСКІ ГОНАР

На спаборніцтвах “Языльскай дзясяткі” ў жанчын у абсалютным першынстве перамагла Марына Даманцэвіч з Наваполацка. За першае месца яна і атрымала галоўны прыз – 6 мільёнаў рублёў. Між іншым, гэта прозвішча цесна звязана і з нашай зямлёй.

Першым трэнерам Марыны быў Аляксандр Станіслававіч Чарняўскі. Менавіта ён прывіў ёй любоў да спорту, дапамог развіць талент. Вылучыўся на спаборніцтвах і яшчэ адзін выхаванец нашага трэнера – Арцём Бурдукевіч. Ён стаў бронзавым прызёрам на мінімарафоне даўжынёй у 4 кіламетры 200 метраў. Цяпер Арцём займаецца ў вучылішчы Алімпійскага рэзерву.

АДЗНАЧЫЛІСЯ ВЕТЭРАНЫ

Фартуна павярнулася тварам да валожынцаў і на 6-ай абласной спартакіядзе ветэранаў спорту Міншчыны, якая праходзіла 28-30 верасня.

Удзельнічалі ў ёй 68 чалавек з усіх раёнаў вобласці. Спаборніцтвы ладзіліся ў жанчын па стральбе, рускіх шашках, у мужчын – па шахматах, настольным тэнісе. Агульнымі для абодвух катэгорый удзельнікаў былі спаборніцтвы па дартсе. Выніковымі аказаліся выступленні трох прадстаўнікоў раённай арганізацыі ветэранаў спорту: яе старшыня Мікалай Мікалаевіч Рабцаў заняў 6-е месца ў рэйтынгавай пазіцыі ігракоў у дартс, 4-е месца ў спаборніцтвах па рускіх шашках заняў Міхаіл Іванавіч Шыян і абсалютную перамогу ў гульнях па настольным тэнісе заваяваў Аляксей Уладзіміравіч Лях.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *