ТАКІЯ ЎСЕ ЯНЫ, БАЦЬКІ…

Общество

На акуратным гародзькаўскім падворку па вуліцы Гагарына цвёрда асталяваліся чысціня і парадак. Няма тут мудрагелістасцяў накшталт дэкаратыўных упрыгажэнняў, ды і не патрэбны яны, калі кожная рэч, кожная прылада мае сваё месца. Бачна, гаспадары дакладна, па-сялянску практычна выверылі яго за доўгія гады сумеснага жыцця… На парозе сустрэла гаспадыня – Ірына Іосіфаўна Станкевіч.

Вясковае жыццё бестурботным ніяк не назавеш. Кожны дзень прыносіць новыя працоўныя клопаты і патрэбы, асабліва, калі пыніш такую вялікую гаспадарку, як у сям’і Станкевічаў. “Пасвіцца” на прасторным двары свойская птушка, трымаюць людзі свінняў, ласуюцца малаком ад уласнай каровы, у хляве махае грывай удзячны за духмяны корм конь… Галава сям’і – Іван Аляксандравіч – да глыбіні душы адданы свайму чатырохногаму памочніку, і хоць на падворку даўно ўжо з’явіўся трактар, а разам – і ўся неабходная да яго навесь, мужчына не пажадаў перадаваць кемлівага мацака ў чужыя рукі.

І дзядзька Іван, і яго жонка – паважаныя сярод вяскоўцаў людзі. Не забываюць гародзькаўцы той факт, што Іван Аляксандравіч Станкевіч апроч усяго заслужанага працоўнага прызання яшчэ і …кавалер ордэна Чырвонай Зоркі! Гэтую ўзнагароду ён атрымаў за мужнасць і гераізм, з якімі, служачы ў паветрана-дэсантных войсках, выконваў пастаўленую задачу па размініраванню Курска-Арлоўскай дугі. Два летнія сезоны запар камандзір узводу Тульскай дывізіі Станкевіч сам ішоў далёка наперадзе давераных яму салдат з мінашукальнікам, указваў сапёрам месцы на зямлі, дзе пад слоем зямлі і пяску чакалі неасцярожнага дотыку выбуховыя рэшткі ваеннага ліхалецця. І сам прымаў непасрэдны ўдзел у іх абясшкоджанні. Любы нявывераны рух сапёрнай лапаты альбо нажа, з дапамогай якога міны канчаткова ачышчаліся ад глебы, мог аказацца апошнім… Як пасля стала вядома, на рахунку камадзіра было больш за ўсё знішчанай выбуховай зброі. За тое і ўзнагародзілі яго ордэнам.

Пра ўсё вышэй напісанае ў нетаропкай гутарцы расказала мне гаспадыня – колішняя настаўніца Гародзькаўскай школы. Ірына Іосіфаўна трапіла ў Гародзькі па размеркаванню ў далёкім 1967 годзе. Маладая выпускніца геаграфічнага факультэта БДУ адразу ж заваявала вучнёўскую павагу, а галоўнае – і любоў школьнікаў. Была яна педагогам патрабавальным і ўмелым, бо заўжды бачыла іскрынку зацікаўленасці і раздзімала яе да сапраўднага полымя смагі новых ведаў у кожным дзіцяці. Пра гэта сведчыць і тое, што дванаццаць яе былых вучняў пайшлі па слядах любімай настаўніцы і скончылі геаграфічны факультэт БДУ. Разам з пачаткам яе педагагічнай кар’еры, лічы, пачалося і сямейнае жыццё, якое перасягнула ўжо 45-гадовую адзнаку. Ладу і згоды ў мужа і жонкі Станкевічаў было куды больш, чым узаемных крыўд ды спрэчак. Разам яны ўзгадавалі двух дзяцей, якімі сёння заслужана ганарацца. Да ціхай радасці бацькоў, яны заўсёды частыя госці ў родным гняздзе. Прыедуць – дапамагаюць колькі сіл стае, ніколі нічога не просячы і не дзелячы на “маё” і “тваё”, што, на вялікі жаль, сустракаецца сёння ледзь не праз крок у многіх сем’ях. Шануюць дарагіх татку і маму, паважаюць. Любяць бываць у дзядулі з бабуляй і ўнукі.

Грэе ўсё гэта сэрца двум пажылым гародзькаўцам: чаго больш жадаць людзям на залатой восеньскай пары жыцця? Бадай што, толькі здароўя – каб яшчэ больш дапамагчы сваім нашчадкам, падтрымаць і перавесці праз цяжкасці, самімі ўжо перажытыя… Такія ўсе яны, бацькі.

Сяргей САДОЎСКІ.

Фота з дамашніх архіваў Станкевічаў.

 



Добавить комментарий