Каб дарога не абярнулася бядой

Закон и порядок

З 27 верасня па 7 кастрычніка Валожынскае аДАІ ў рамках рэспубліканскай акцыі «Пешаход» вяло асабліва пільны нагляд за паводзінамі на дарогах раёна яго пешых удзельнікаў. За адзінаццаць дзён супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі выявілі больш за семдзясят парушэнняў. 

У большасці дарожных здарэнняў вінаваты самі пешаходы. Перасякаючы праезную частку па-за межамі пераходаў, перабягаючы дарогу на забараняючы сігнал святлафору альбо ігнаруючы неабходнасць адзначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак, пешы ўдзельнік дарожнага руху не толькі ставіць пад пагрозу ўласнае жыццё, але і стварае небяспечную сітуацыю для іншых.

Асобную праблему стварае знаходжанне на праезнай частцы ці ў непасрэднай блізасці ад яе людзей у стане алкагольнага ап’янення. Вядомы шматлікія выпадкі, калі нецвярозыя пешаходы сядзяць альбо ляжаць прама на праезнай частцы, рухаюцца па дарожным палатне, не зважаючы на транспартныя сродкі.

30 верасня каля паловы дзявятай гадзіны вечара на неасветленай частцы вуліцы 1 Мая ў Івянцы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, падчас якога пад колы двух машын трапіў мясцовы трыццацідзевяцігадовы жыхар. Ён знаходзіўся ў нецвярозым стане. Святлоадбівальнымі элементамі пацярпелы пазначаны не быў.

Дзяржаўтаінспекцыя Валожынскага раёна нагадвае пешым удзельнікам дарожнага руху аб неабходнасці быць уважлівымі і дысцыплінаванымі на дарогах, абавязкова пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак.

Згодна з дзеючымі нормамі парушэнне Правілаў дарожнага руху пешаходам, веласіпедыстам альбо чалавекам, які кіруе гужавым транспартам, прыводзіць да адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе папярэджання альбо штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь.

Калі парушальнік знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, штраф павялічваецца да 3-5 базавых велічынь. Калі парушэнне правілаў прывяло да аварыйнай сітуацыі, штраф можа дасягаць 8 базавых велічынь.

АДАІ Валожынскага РАУС.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *