АНАЛІЗУЮЧЫ ВЫНІКІ ПРАВЕРАК

Закон и порядок

Інспекцыя Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне пастаянна праводзіць кантрольныя мерапрыемствы, падчас якіх не-не, ды і выяўляюцца факты, якія супярэчаць патрабаванням закону. Аналізуючы вынікі праверак за 9 месяцаў бягучага года, начальнік інспекцыі Я. К. Латышава агучыла два парушэнні, зафіксаваныя ў галіне аптовага і рознічнага гандлю.

Першы быў зарэгістраваны ў адзін з чацвяргоў на Валожынскім рынку. Індывідуальны прадпрымальнік з Ашмяншчыны, якая займаецца продажам пладова-агародніннай прадукцыі, прыцягнула да працы наёмнага работніка. Згодна з заканадаўствам, такое дапушчальна толькі ў выпадку, калі наёмны работнік з’яўляецца членам сям’і ці блізкім сваяком наймальніка. Жанчына ж ні той, ні другой не была, а значыць, прадпрымальніцкая дзейнасць аўтаматычна перайшла ў разрад незаконных. Даход ад занятку забароненым відам дзейнасці інспектары ўстанавілі ў памеры 1 мільён 300 тысяч рублёў. Гэтыя грошы арыштавалі і канфіскавалі, а неўзабаве пастановай Гаспадарчага суда вобласці перавялі ў даход дзяржавы. Індывідуальны ж прадпрымальнік атрымала штраф – 2 мільёны рублёў.

Выявілася парушэнне ўстаноўленага парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў за наяўны разлік і падчас пазапланавай аператыўнай праверкі райспажыўтаварыства. Прадавец аўтамагазіна № 3, адпускаючы тавары вяскоўцам у Гіравічах, прымала пакупніцкія грошы без касавага апарата. Пастановай начальніка інспекцыі яна таксама атрымала двухмільённы штраф.

Увогуле статыстыка Інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Валожынскім раёне куды больш “багатая” на прыкрыя лічбы. Са студзеня па верасень у сферы гандлю выяўлены 44 парушэнні дзеючага заканадаўства, 6 з якіх тычыліся выяўлення незадакументаваных тавараў, 16 – прыёму грашовых сродкаў “у абыход” касавых апаратаў, 3 – рэалізацыі тавараў без нанясення кантрольных знакаў і інш. За гэты перыяд прыцягнуты да адказнасці 30 чалавек, сума адміністрацыйных спагнанняў дасягнула без малога 56 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, інспектары арыштавалі таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на 160 мільёнаў і канфіскавалі – на 89,3 мільёна рублёў.

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий