АРГАНІЗАВАНАСЦЬ – БАР’ЕР ХАЛАДАМ

Общество

Зіма заўсёды непрадказальная. Таму падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона не выпадкова пачынаецца задоўга да яго афіцыйнага старту. Асноўная ж нагрузка кладзецца на жыллёва-камунальную гаспадарку. На адным з пасяджэнняў райвыканкама і была абмеркавана гэта сацыяльна значная тэма, прааналізавана выкананне запланаваных арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў.

Заслухана інфармацыя намесніка старшыні райвыканкама І. І. Ляшкевіча і дырэктара РУП “Валожынскі жылкамунгас” А. Ф. Каваленкі.

Аналізаваўся стан не толькі жылога фонду, але і кацельных, вытворчых аб’ектаў. Было заўважана, што планавыя работы па пракладцы цепласетак у адпаведнасці з графікам ужо завершаны. У жніўні адрамантавана і выпрабавана абсталяванне кацельняў. Дарэчы, у нашым раёне на абслугоўванні прадпрыемстваў іх знаходзіцца 32.

У непапулярны спіс з фармуліроўкай “гатовы не ў поўнай меры” на пасяджэнні райвыканкама трапілі жывёлаводчыя фермы і некаторыя вытворчыя памяшканні КСУП “Сакаўшчына-Агра”, ААТ “Агра-Доры”, “Лоск”, ТАА “Тарасава”, УП “Івянецкая крыніца”, ААТ “Валожынскі льнокамбінат”, Івянецкая птушкафабрыка і іншыя.

На момант абмеркавання гэтага надзённага пытання не ставала патрэбнага аб’ёму дроў і брыкету на некаторых прадпрыемствах і ва ўстановах раёна. Адказныя асобы абяцалі гэту сітуацыю тэрмінова выправіць.

Ацяпляльны сезон – гэта традыцыйна і вялікія расходы. Але і пра эканомію энергарэсурсаў не трэба забываць. Рэжым павышанай беражлівасці дыктуе і дзеючая Дырэктыва № 3 Прэзідэнта краіны.  Не выпадкова ўстаноўлены гранічныя нормы выкарыстання энергарэсурсаў, прыроднага газу, цеплавой энергіі. У раёне завершана інвентарызацыя і аднаўленне на кацельнях мазутнага абсталявання для магчымага яго ўключэння ў  якасці рэзервовага. Прадугледжана і выкарыстанне мясцовых відаў паліва.

Згодна з рашэннем райвыканкама ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны завяршэння рамонту цеплавых і водасістэм, жылога фонду, мадэрнізацыі балконаў у некаторых шматпавярхоўках і інш.

 

У ПРАЦЯГ НАДЗЁННАЙ ТЭМЫ

Сучасныя батарэі ацяплення выглядаюць больш эстэтычна, чым чыгунныя «гармонікі». Аднак старыя радыятары грэюць нярэдка лепш, чым іх прыгожыя сабраты.

Важна памятаць, што радыятары цёмнага колеру выпраменьваюць на 5-10 % цяпла больш, чым светлыя. Павысіць тэмпературу ў жылым пакоі дапаможа і ўстаноўка цеплаадбівальнага экрана. Для гэтай мэты можна выкарыстаць і звычайную фольгу.

Плануючы ўстанавіць новыя радыятары, выбірайце тыя, што аснашчаны рэгуліроўкай магутнасці.

На шкло вокнаў можна наклеіць празрыстую цеплаадбівальную плёнку. Прапускаючы святло, такая тонкая (каля 35-50 мікрон) засцярога са спецыяльным пакрыццём адбівае амаль 90% цеплавога выпраменьвання.

Устанавіўшы металапластыкавы ці драўляны шклопакет замест старога акна, можна ўзняць сярэднюю тэмпературу  ў памяшканні на 1-2 градусы і назаўсёды пазбавіцца ад штогадовага абклейвання рамаў на зіму. Але нават такое акно трэба рыхтаваць да халадоў.

Пасля мыцця трэба працерці ўшчыльнікавыя рызінкі абястлушчваючым сродкам. На іх не павінны застацца пыл ці бруд, інакш пранікнення холаду не пазбегнуць.

Пасля ўцяплення ўваходных дзвярэй у кватэры стане не толькі цяплей, але і цішэй!  Ранейшыя дзверы таксама лепш пакінуць. Паміж новымі і старымі ўтвараецца цеплаізалюючая паветраная падушка, яна зберагае цяпло, да таго ж яна значна зніжае ўзровень шуму, які даносіцца з лесвічнай пляцоўкі жылога дома.

Калі ж вы дзверы не збіраецеся мяняць, а паміж дзвярыма і сцяной з’явіліся шчыліны, то мантажнай пенай абавязкова ліквідуйце іх.

Для таго, каб дзверы былі больш цёплыя, іх можна абабіць скуразамяняльнікам з паралонавай пракладкай. Чым таўсцейшыя і больш масіўныя дзверы, тым  больш надзейна яны зберагуць цяпло ў вашай кватэры, доме.

Важна памятаць, што сцены, настываючы амаль да вулічнай тэмпературы, «з’ядаюць» ільвіную долю цяпла. Таму трэба падумаць пра ўнутранае ўцяпленне жылля.

Калі вы не хочаце выкарыстоўваць гіпсакардон, спецыяльныя пліты, то ўстанавіце ўздоўж самай халоднай сцяны шафу.

Мэбля на той жа кухні захавае памяшканне ад холаду, ды і прадукты, рознага роду нарыхтоўкі на зіму будуць знаходзіцца ў такой шафе ў аптымальных умовах.

 

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий