ПРА НЕКАТОРЫЯ АСПЕКТЫ НАРЫХТОЎКІ МАЛАКА

Общество

Аддаленыя вёсачкі раёна цяпер пераважна насяляюць пенсіянеры. І толькі на цэнтральных сядзібах сельсаветаў жывуць у асноўным людзі працаздольнага ўзросту.

У пенсіянераў, безумоўна, больш часу для вядзення падсобнай гаспадаркі, а ў працуючых вяскоўцаў час у дэфіцыце. У першых ёсць вялікае жаданне трымаць жыўнасць, а вось фізічных сіл ужо адчувальна не стае. У другім жа выпадку, наадварот, сілы яшчэ дастаткова, але рытм жыцця такі, што лепш тое ж малако купіць у магазіне, чым здабываць яго нястомнай працай, трымаючы індывідуальную гаспадарку.

Статак кароў, якіх трымаюць вяскоўцы-прыватнікі, штогод скарачаецца не дзясяткамі, а сотнямі галоў.

Напрыклад, летась у вяскоўцаў налічвалася 1812 рагулек, а сёлета гэта лічба адчувальна памізарнела – 1540  галоў. Ды і не ўсе ўладальнікі кароў прадаюць лішкі малака дзяржаве. На сёння нарыхтоўкі ахопліваюць толькі 1134 каровы.

Лідзіруе па колькасці рагулек Гародзькаўскі сельсавет. 203 каровы тут трымаюць вяскоўцы, блізкае да гэтага статыстычнага паказчыка і пагалоўе ў Вішнеўскім сельсавеце. Гэта лепшыя паказчыкі ў раёне. У пяцёрцы сельсаветаў з адносна высокай колькасцю пагалоўя, якое знаходзіцца ў падсобным сектары, і Багданаўскі, Ракаўскі, Івянецкі сельсаветы. Зведзены да мінімуму агульны прыватны статак у Пяршайскім сельсавеце. Тут налічваецца толькі 48 рагулек. У Яршэвіцкім сельсавеце гаспадары ўтрымліваюць 52 каровы.

За мінулы месяц у дзяржаўны харчовы фонд з прыватных падворкаў грамадзян паступіла 230307 кілаграмаў малака. У разліку на адну карову прыходзіцца па 149,6 кілаграма. Разам з тым, рост валавых закупак у параўнанні з мінулым годам павялічыўся і дасягнуў за мінулы месяц 104,5 працэнта. Сёлетні валавы гадавы паказчык крыху ніжэйшы: ён роўны 95 працэнтаў.

Цяпер ініцыятыву па закупе малака ўзяліў свае рукі  прадпрымальнікі.

На жаль, некаторыя здатчыкі ў пагоні за спакуслівай выручкай часам груба парушаюць устаноўленыя нормы рэалізацыі малака. Калі карова раптам захварэла і ёй неадкладна спатрэбілася медыкаментознае лячэнне з прымяненнем антыбіётыкаў, то надоенае малако ад такой каровы трэба выліць. Яго нават не рэкамендуецца выкарыстоўваць на корм жывёле. Аднак некаторыя вяскоўцы груба ігнаруюць гэта правіла.

У выніку непазбежная сітуацыя, якую можна характарызаваць прыкладна гэтак жа, як і ў вядомай прымаўцы: лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Пры паступленні малака на прамысловую перапрацоўку, пры лабараторным даследаванні проб на заводзе адразу выяўляюцца паследкі злоўжывання з прымяненнем антыбіётыкаў. І нярэдка ўся партыя малака, а гэта можа быць тона і нават больш, адпраўляецца ў адходы. Няма ў заліку здадзенага малака, значыць не атрымаюць грошы за яго рэалізацыю і вяскоўцы. Таму вельмі правільна, што ў заключаныя дагаворы паміж здатчыкамі і нарыхтоўшчыкамі плануецца ўнесці дадатковы “дысцыплінарны” пункт.  Ён і стрымае “імпэт” некаторых вяскоўцаў здаць у агульны бітон малако ад хворай каровы.

Такая карэкціроўка дзеючых дагавораў прымусіць здатчыкаў і сапраўды, як кажуць, сто разоў падумаць. Бо калі выявіцца парушальнік, то ўсю забракаваную партыю малака ён будзе аплачваць са сваёй кішэні.

З малака з утрыманнем антыбіётыкаў немагчыма выпусціць і якасную кісламалочную прадукцыю. Мікраарганізмы, якія выкарыстоўваюцца ў кісламалочнай вытворчасці, надзвычай адчувальныя да гэтых лекавых прэпаратаў.

У апошнія гады прынята нямала мер, якія стымулююць развіццё прыватнага сектара грамадзян. Больш спрыяльнай у нашым раёне стала і схема забеспячэння жывёлы кармамі.

У верасні найбольшыя валавыя здабыткі ў закупе малака ў вяскоўцаў меў Гародзькаўскі сельсавет – 39128 кілаграмаў. Услед за ім ідзе Багданаўскі – 35351 кілаграм. Больш за 24000 кілаграмаў нарыхтавалі малака ў мінулым месяцы ў Івянецкім, Сакаўшчынскім сельсаветах.

У сярэднім на адну карову ў верасні па раёне ў цэлым закуплена па 149,6 кілаграма малака. Пераўзышлі гэты паказчык у Багданаўскім, Пральніцкім, Гародзькаўскім, Залескім, Івянецкім, Пяршайскім, Сакаўшчынскім, Яршэвіцкім сельсаветах.

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий