Выхаванцы дзіцячых садоў і навучэнцы школ пісалі на мінулым тыдні адкрытае пісьмо маці. Творчая акцыя праходзіла ва ўстановах адукацыі раёна.
Арганізатары, спецыялісты аддзела адукацыі райвыканкама, прапанавалі дашкалятам працягнуць некалькі сказаў у сваім роздуме пра маму. Вось што сказалі дзеці:
Я хачу прызнацца табе ў тым, што:
– ты – чараўніца, бо заўсёды ўсё ведаеш.
Аліна Дрозд.
– ты – мой самы любімы чалавек у гэтым свеце і ва ўсёй галактыцы, і я хачу, каб ты заўсёды заставалася такой.
Саша Трухоўскі.
Сёння свята, і я:
– хачу, каб ты прыйшла да мяне ў сне.
Ксенія Саевіч.
– хачу падараваць табе касметыку, каб ты была заўсёды прыгожай.
Аляксандр Загавалка.
– адкрыю табе сакрэт – мы з татам хочам спячы для цябе торт.
Крысціна Сухалет.
– жадаю табе быць цярплівай, крышку пачакаць, пакуль я вырасту, і ў нас будзе машына.
Алёша Жукоўскі.
– жадаю, каб тата кахаў цябе і падараваў табе кветкі.
Раман Архіпаў.
Я не заўсёды:
– бываю добрай, а часам нават сумую.
Аня Бекіш.
– бываю такім добрым і паслухмяным, як табе хочацца.
Саша Трухоўскі.
Я заўсёды:
– рады табе ва ўсім дапамагчы, каб табе было лягчэй.
Алёша Жукоўскі.
– буду моцна любіць цябе, бо ты – мая мама.
Саша Трухоўскі.
Я люблю цябе, таму што:
– ты клапоцішся пра нас і чытаеш цікавыя кнігі.
Данік Карпека.
– мы з табой збіраем лісты клёнаў і засушваем іх у кнізе. А яшчэ таму, што ты паказваеш мне месяц і зоркі, якія падаюць з неба ў жніўні.
Аліна Дрозд.
– ты кожны дзень купляеш мне прысмакі.
Крысціна Сухалет.