КРОПЛІ, ЯКІЯ ЎЗДЫМАЮЦЬ НАСТРОЙ

Общество

Каб перамагчы восеньскую хандру, ёсць вельмі дзейсны і просты рэцэпт. Прыпішыце сваім вачам чарадзейныя “кроплі” ў неабмежаванай колькасці: яркія, сакавітыя, цёплыя фарбы. Прымайце гэтыя “лекі” кожны дзень. І пануры настрой як рукой здыме.

Тонкім пэндзлікам па мокрай тканіне дзяўчынкі старанна выводзілі ўзоры. Фарбы размываліся, адно адценне пераходзіла ў іншае, ствараючы мяккія мудрагелістыя лініі. Паступова палатно запоўнілі дзіўныя малюнкі. Ствараць лёгкія, амаль паветраныя карціны дзяцей вучаць у гуртку з экзатычнай назвай “Бацік”, які другі месяц як адкрыўся ў раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі.

Назіраючы, з якім заміраннем сэрца і засяроджанасцю дзяўчынкі вучацца распісваць тканіну, стала зразумела: бацік – вельмі карпатлівая праца. Ён патрабуе вялікай аддачы.

– Адкуль да нас завітаў гэты “іншаземец” – бацік? – цікаўлюся ў кіраўніка гуртка.

– Бацік у нас – зусім не госць, –  заўважае Святлана Вацлаваўна Жабко, якая вядзе гурток, скончыўшы факультэт эстэтычнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка. – Яшчэ нашы продкі распісвалі тканіну ўручную. Яркі прыклад – знакаміты рускі сарафан. Лічылася, чым больш адмысловы ўзор на адзенні, тым жанчына больш мілавідная. Роспіс па тканіне называюць гэтым замежным словам “бацік” параўнальна нядаўна. Яно ў перакладзе з інданезійскага азначае “кропля воску”. Лёгкія індыйскія сары, раскошныя японскія кімано таксама спрадвеку распісваліся ўручную.

Але прычым тут рамантычная назва “кропля воску” – не сунімалася я.

Як растлумачыла Святлана Вацлаваўна, воск іграе ролю замацавальніка, бар’ера, які не дазваляе адной фарбе злівацца з іншай. “Рэзервамі”, як называюць іх мастакі, могуць служыць парафін, гумовы клей, розныя смолы і лакі.

У гуртку для роспісу дзеці выкарыстоўваюць бязь, якую купляюць у мясцовым універмагу, таксама працуюць з мадапаламам, імітацыяй шаўковай тканіны. Але Святлана Вацлаваўна ўдакладняе: тканіна можа быць рознай – ад недарагіх бавоўны, шэрсці і сінтэтыкі да празрыстага, амаль бязважкага, элітнага шоўку.

Тканіны распісваюцца спецыяльнымі фарбамі. Тэхналогій нанясення малюнка некалькі.

– Мы выкарыстоўваем роспіс па мокрай тканіне, таксама папулярны “халодны” бацік, калі фарбы размяркоўваюцца паміж акрэсленымі контурамі, малюнак для замацавання прасуецца і палошчыцца ў цёплай вадзе, – адкрывае сакрэты С. В. Жабко. – У “гарачым” баціку рэзервам служыць расплаўлены воск, ён надзяляе малюнак дзіўнай аб’ёмнасцю. Тэхніка вузельчыкавага баціка – “бандан” – дазваляе ствараць узоры з “гарохаў”: тканіну пакрываюць вельмі маленькімі вузельчыкамі, моцна перавязваючы ніткай, затым афарбоўваюць, ніткі здымаюць – атрымліваюцца казачныя ўзоры.

Як мяне запэўнілі ў гуртку, распісаць можна любую рэч гардэроба: ці то сукенку, ці то дзіцячую футболку. Можна стварыць што-небудзь і зусім эксклюзіўнае: шыйную хустку або жакет з лёгкім мастацкім дэкорам.

Я пацікавілася ў дзяўчынак: ці лёгка ім даецца гэта вытанчанае мастацтва? Усе яны ў адзін голас адказалі прыкладна наступнае: тканіна, нібы жывая істота, вельмі рухомая. Адзін няспраўны рух – і праца сапсавана. Але цяжкасці школьніц не спыняюць. Дзяўчынкі жадаюць авалодаць азамі баціка. Хтосьці плануе размаляваць касметычку або чахол для мабільнага тэлефона. А заўзятыя модніцы, каб выглядаць ярка і небанальна, мараць уласнаручна распісаць шаўковую хустку.

Хоць бацік – і “кропля воску”, але ў моры мастацтва ён не згубіўся. Наадварот, цяпер ён стаў неверагодна папулярным. Бацік-карцінамі ўпрыгожваюць кватэры, прыватныя дамы, іх можна ўбачыць нават у офісах буйных міжнародных кампаній. Гэтыя самабытныя малюнкі на тканіне празвалі “антыкрызіснымі” за іх жыццесцвярджальны аптымізм. Зірнеш на ціхі, утульны жоўта-памяранцавы гарадок на шоўку – і на сэрцы пасвятлее.

Алена ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий