САМОТНА ВЕКАВАЦЬ АДНАМУ…

Культура

У невялікім садзе М. Б. МАКАРА яблыкі ўрадзілі на славу. У пачатку восені ён здаў тону гэтых сакавітых румяных пладоў. З прыродай у Мікалая Барысавіча асаблівыя адносіны. Ён працаваў паляводам у былым калгасе імя Леніна. Адкрыў для сябе нязменны закон: прырода як клапатлівая маці, аддасць апошняе, каб накарміць сваіх дзяцей. 

У галодныя пасляваенныя гады іх сям’я і пратрымалася, дзякуючы таму, чым радзіла зямля. Бацька быў на фронце і пяцёра дзяцей, каб хоць як-небудзь дапамагчы роспачнай маці, як вавёркі, запасіліся ляснымі дарункамі на доўгія ваенныя зімы.

Жменя сушаных грыбоў і грубай мукі – і гарачая зацірка гатова. Сушаныя ягады самым маленькім замянялі цукеркі. Яблыкі таксама сушылі і мачылі, а лёжкімі зімовымі гатункамі ласаваліся нават у красавіку. Так чакалі чарговага шчодрага лета.

З ваеннай пары даліся ў знакі Мікалаю Барысавічу худыя цыбатыя куры. І зараз дзядулю робіцца сорамна, калі ўспамінае, як яго, 11-гадовым хлапчуком, немец пад дулам аўтамата вадзіў па вёсцы: Мікалай прымушаны быў збіраць па дварах курыныя яйкі. Прыходзілася шукаць гнёзды птушкі.

Невыносна сорамна было глядзець у вочы аднавяскоўцам. Аднак, перасільваючы нянавісць да ворага, трэба было падпарадкоўвацца фрыцу. Калі б кошык не напаўняўся яйкамі, жыццё Мікалая магло скончыцца трагічна…

…Ужо трыццаць гадоў Мікалай Барысавіч жыве ўдаўцом. Самотна векаваць аднаму. Дачку з Гродна бацька бачыць рэдка. Дабра, што непадалёк ад Мінцяў, у Подбалаці, жыве дачка Ала. Сваімі частымі прыездамі яна развейвае адзіноту роднага чалавека.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий